?

Log in

No account? Create an account

ЗЯЛЁНЫ І Б77

#птушківучаць #Бакур
Шкварчыць пятэльня, рэжуцца цыбуля ды морква – хутка будзе абед на не зусім абітаванай выспе ў Індыйскім акіяне. На адчыненым акне расселіся на ўсіх магчымых прысадах і чакаюць пакуль ім перападзе коліка ежы мясцовыя ткачыкі-фодзі. Калі пах падсмажаных баклажанаў разлятаецца па салёна-марскому паветру ў аконным праёме з’яўляецца Зялёны. Птушка важна азірае пакой кухні, затым кроткім позіркам рэвізора глянуўшы на кухара, пераскоквае на вадаправодны кран, невялічкімі скокамі адольвае сталешню і пералятае на лядоўню.
Зялёны – адзін з нешматлікіх прадстаўнікоў высакароднага роду сэйшэльскіх шума-драздоў, перажыўшых усе выпрабаваньні акупацыі калярытнай трапічнай прыроды эўрапейскімі канкістадорамі. Пасьля першых улікаў у другой палове дваццатага стагодзьдзя надзеі на захаваньне віда не было – у прыродзе жыло толькі дваццаць пяць птушак. Вучоныя не склалі рук. Іхнія намаганьні і разумная праграма перасяленьня шума-драздоў на іншыя падыходзячыя для іх існаваньня выспы далі добрыя вынікі. Зараз птушак ужо каля трох сотняў, і страта гэтага віда ўжо не такая відавочная, як раней. У той жа час кожная птушка штодзённа кантралюецца, падсілкоўваецца, дый увага да кожнай зь іх усё яшчэ вялікая. Менавіта таму Зялёны, карыстаючыся сваёй прывілеяй, ганарліва падскоквае па валантэрскай кухні ў пошукаў розных прысмакаў. Кожны сэйшэльскі шума-дрозд акальцаваны і нават не адным кальцом. На правай назе вісіць металічная кальцо з нумарам і інфармацыяй для цэнтра кальцаваньня, над ім вісіць каляровае пляштыкавае кальцо, колер якога адпавядае выспе, на якой птушка нарадзілася і была акальцаваная. На другой назе два пляштыкавых калечкі, колеры якіх ужо ідэнтыфікуюць саму птушку. Зялёны жа недзе згубіў сваё фіалетавае кальцо і застаўся толькі з адным – зялёным, адсюль і паходзіць ягонае імя.
Многія з Вас напэўна маюць сваіх такіх старых дзікіх сяброў, якіх можна па некаторых прызнаках адразу вызначыць сярод іншых кампаньёнаў пры сустрэчы - адсутнасьць пяра, нестандартная дзюба, адметны палёт, ці уразьлівы позірк. Неістотна, ці гэта птушкі, ці іншыя жывёлы – нешта ёсьць у гэтай істоце, па чым можна безпамылкова пазнаць яе за доўгі час мірнага суіснаваньня. Такое мірнае пражываньне яскрава адлюстроўваецца пад час кожнага працэса паглынаньня ежы на ганку, ці кухне. Фодзі – родзічы вераб’ёў, але ж акрэсленныя сэйшэльскія піраты - расьсеўшыся колам на бяспечнай адлегласьці, уважліва сочаць за кожным тваім рухам. І дастаткова на хьвілінку адысьці ў іншы пакой, як дружная мітусьлівая каманда зрываецца са сваех прысадаў і ахвотна растасківае з талеркі рыс ды ўсё іншае, што можна толькі з’есьці.
Зялёнаму так паступаць не дазваляе гонар. Прыляцеўшы ў госьці ён будзе чакаць, пакуль я нагаваруся зь ім, а потым пачастую яго якім яйкам ці крыхамі ад батона. Зялёны зводдалі паглядзіць на ежу, зробіць некалькі скокаў на сустрач, уважліва паглядаючы навокал, а потым імгненна схопіць ежу, патрымае крыху ў дзюбе і толькі потым праглыне яе. Спакойным выглядам працягне ўважліва ўзірацца ў твае вочы, тым самым быццам заварожваючы цябе. А заваражыць ёсьць чым. Шума-дрозд зьнешне падобры на мініацюрную сароку, у якой адрубілі палову хваста – чорная з сінім адлівам афарбоўка з белымі плямамі на крылах. З-за гэтай афарбоўкі іх часам называюць і сарочымі драздамі. Ягоная непахіснасьць і супакой прымушаюць доўга любавацца птушкай, а калі пасьля добрай трапезы Зялёны раптоўна засьпявае, дык увогуле заміраеш быццам зачараваны. Голас у шума-драздоў ціхі, але такі пераліўна-мілагучны, што спачатку не зразумеўшы адкуль цячэ музыка, шукаеш крыніцу, а знайшоўшы яе, ня можаш не даслухаць да канца.
Кожны дзень мы падсілкоўваем Зялёнага, як і ўсіх іншых сэйшэльскіх сарок, што жывуць на выспе Арыд. Каб кантраляваць птушак на кожнай тэрыторыі, дзе яны гняздуюцца ёсьць свая харчовая пляцоўка, куды мы кожнай раніцай кладзем ежу і наліваем ваду ў паілку. Падыходзячы да такога месца харчаваньня ты мілагучна пасьвістваеш, а парачка шума-драздоў, што жыве побач, пачуўшы знаёмы сьвіст, не прымусіць доўга чакаць, а хутка прыляціць, каб падзяўбсьці крыху прысмакаў.
Гнездавая тэрыторыя Зялёнага бліжэйшая да невялічкай вёскі, дзе мы месьцімся, менавіта таму ён часта завітвае ў госьці. У яго ёсьць таксама жонка. Бела-памяранчавая спадарыня цяпер насіджвае яйка – парачка чакае дзіця, каб быць упэўненым у заўтрашнім дне свайго віда. Пачуўшы мае намаганьні пасьвісьцець абедзьве птушкі нечакана з’яўляюцца з глыбіні трапічнага лесу і прысядаюць на бліжэйшую галінку. Затым весела суправаджаюць мяне да харчэўні. Калі самка пералятае з галінкі на галінку, то Зялёны кароткімі, але хуценькімі скокамі суправаджае след у след мяне па пяску, як быццам прыручаны пёс. Ежу яны прымаюць ахвотна, але паглынаюць, не сьпяшаючыся, насьцярожаным вокам азіраючыся на піратаў-фодзі, якія чакаюць моманта, каб адхапіць сабе кавалачак ад трапезы. Пакуль парачка распраўляецца з астаткамі ежы, сьцежка вядзе ўгару, дзе каля руінаў першапасяленцаў чакае мяне іншая парачка сэйшэльскіх рэзыдэнтаў. А ў гэты ж час недзе сярод пустэчы Паўднёвага Казахстана крыху сумуе па нас, ды рыхтуецца да восеньскага пералёту іншы дзіўны хлапец Джэк Б77.
Джэк – птушка сямейства драфіных, аблюбаваўшая цэнтральную і заходнюю частку Азіі і Паўночную Афрыку. Птушкі гэтыя рэдкія, паўсюль маюць ахоўваемы статус, таму існуе шэраг праграмаў па захаваньню віда. Б77 – адзін з выхаванцаў адмысловага цэнтру па рэпрадукцыі джэка. Яго выпусьцілі на волю восеньню, прычым надзеі на тое, што менавіта гэтая птушка выжыве было аніякай, бо на наступную раніцу пасьля выпуску малады самец з яркім жоўтым кальцом вярнуўся да палявога кэмпінгу, наіўна палагаючыся на тое, што тут ён зойме цёплы прытулак і даступную ежу, як гэта было раней. Ня выйшла. На наступны дзень яго вывезлі падалей і ізноў адпусьцілі ў дзікую прыроду. Б77 прыняў выклік і апынуўся больш знаходлівым, чым пра яго думалі, выправіўся ў доўгі міграцыйны шлях, адзімаваў недзе ў Іране, перажыў зіму ды наступнай вясной павярнуўся назад у родныя краі.
Першым яго ўбачыў наш экіпаж. Робячы ўлікі птушак на высокім халме пад гудзеньне яшчэ ледзянога ветра, мы зьбіраліся ўжо пераяжджаць, як раптам з пад колаў нашага пазашляховіка выскоквае джэк. Адбегшы некалькі крокаў, той імкнуўся зазірнуць у машыну. Мы выйшлі, а Б77 пачаў гуляцца з намі, шырока распранаючы свае крылы і падскокваючы па ветры. Джэк адбягаў, калі мы падганялі яго, але адразу ж плёўся за намі, калі мы разьвярнуўшыся крочылі да машыны. Ад’яжджаючы мы толькі і бачылі ў люстэрка, як Б77 набірае разгон і ўсё хутчэй бяжыць усьлед за машынай, спрабуючы нас не згубіць. “Тваё месца ў дзікай прыродзе, сябра!”- з такімі думкамі разганяемся і не даем маладому самцу аніякіх шанцаў нас дагнаць.
Праз некалькі дзён сноўданьняў па пустэчы 77-мы ўсё ж такі прысунуўся ў наш даследчы лагер, дый застаўся тут хадзіць паміж намётаў. Днёўку ён праводзіў у бліжэйшых зарасьцях саксаулу, а часам нават у цені тых самых намётаў, ці машын. Надвячоркам джэк пачынаў сваю актыўнасьць, выходзіў на паляваньне. Асьвятленьне кэмпінгу прыманьвала цэлыя хмары розных насякомых. Каб пажывіцца імі сюды ж кожную ноч прылятаюць мясцовыя лялекі, розныя паўзуны ды рапухі. Джэк 77 далучаўся да гэтай кампаніі і ўплётваў розных мядзьведак ды жукоў за абедзьве шчакі. Такі кампраміс нам ня вельмі падабаўся, бо птушцы патрэбна ляцець і выбіраць сваё дзікае месца пад сонцам, тым больш яму ўжо амаль год, але ён ня вельмі выглядае на дарослага самца. Мінуў тыдзень і Б77 сам вырашыў падацца на вольныя хлябы, аглядзець пустэчу.
Робячы штодзённыя ўлікі, семдзесяць сёмы зноў і зноў прыходзіў да машын, чамусьці найчасьцей да нашай. Ён важна разгульваў вакол, пакуль мы ўглядаліся ў трубу, каб убачыць яго суродзічаў. Джэк залягаў ў цяні машыны, ці побач з намі, зклёўваў насякомых з нумарных знакаў, спрабаваў нас заманіць пагуляцца ў даганялкі зь ім, што часам у яго добра атрымлівалася. Мы, быццам птушкі, адганялі яго - той адбягаў, а потым мы мяняліся ролямі, сам 77-мы ганяўся за намі. Але кожны раз наступаў час разьвітвацца. Мы сядалі ў машыну, Б77 з трывогай прыглядаўся да нас, а потым хутка-хутка бег за намі, пакуль не зразумеў, што мы пакідаем яго.
Часам джэк прыводзіў да нас сваех новых дзікіх сяброў. Сябры ягоныя не ахвотна падыходзілі да аўтамабіля, а засядалі ў бліжэйшым баялычы, і ўжо адтуль назіралі за намі, 77-мы, відаць, не моцна разумеў іх паводзіны, але бліжэй таксама не падыходзіў. Назіраючы за птушкамі, мы ціха радаваліся, як наш любімец набываў папулярнасьці сярод мясцовага насельніцтва. За месяц ён аббегаў усю пустэчу, і вось аднойчы нарэшце знайшоў і свой улюбёны ўзгорак з мноствам самак навокал. Б77 пачаў адпускаць сваё густое белае з чорнымі палоскамі па краях пер’е і ўсё больш і больш нагадваў сталых самцоў, што кожную раніцу і вечар танцуюць-такуюць на такіх прыгорках быццам бы белыя балонікі.
Дзіўна ў гэтай гісторыі тое, што любоў да чалавека не загубіла Б77. Ён пражыў год, часам цесна мяжуючы з чалавекам падчас міграцыі, і даверліва ставіўся да людзей. Можна, канешне, падумаць, што 77-мы усё ж такі навучыўся інтуітыўна адчуваць бясьпеку і небясьпеку, разумець ад каго можна знайсьці любоў, а ад каго сьмерць. Восеньню джэк ізноў выправіўся на зімавальны шлях. Недзе сярод іранскіх пустэчаў сувязь зь ім зьнікла. Прычына гэтаму невядома, ці падвяла яго любоў да людзей, ці можа нешта здарылася са спадарожнікавым перадатчыкам. Хочацца верыць у лепшае і спадзявацца, што наступнай вясной, аднойчы на прыгорак блізка-блізка падбяжыць джэк, будзе хадзіць вакол, усьміхаючыся, зь яркім жоўтым кальцом, на якім вялікімі чорнымі літарамі выбіты надпіс “B77”.

ПРЫГАЖУНЯ

#Bakur #прыгажуня #прырода

Сярод птушак няма непрыгожых. Ёсьць недаацэненыя, незаўважныя, але непрыгожых няма – усе яны маюць свае колеры, характар, амбіцыі і паводзіны. І на пытаньне, якая птушка мне больш за ўсяго падабаецца, не знаходжу адказа, бо яны ўсе ўнікальныя ў сабе, кожны від з асабістай адметнасьцю, хараством, якой ня будзе ў іншай, няхай і зьнешне самай прыгожай птушкі. Але цяпер гаворка будзе пра сапраўдную прыгажуню.
Упершыню я сустрэў яе ў Паўночнай Афрыцы – элегантную, са сваімі сакрэтамі і матчынай руплівасьцю, па-каралеўскі рэдкую і адгэтага столькі жаданую. Бліжэй жа пазнаёміўся з прыгажуняй у Азіі, дзе жыве яна на бяскрайных прасторах стэпаў і пустэчаў. Па-расейску яна так і называецца дрофа-красотка, ці джэк. Менавіта другое імя пераняла беларуская мова, але мы будзем яе называць проста - прыгажуня, бо і паводзінамі, і зьнешнім выглядам, і сваёй руплівасьцю яна дастойна такой пашаны.
Зьнешне нечым падобная на самку індыкоў прыгажуня адна з буйнейшых птушак у біятопах, якія засяляе. Зьнешне самцы й самкі адрозьніваюцца хіба толькі памерам, але ўвесну, пад час брачага перыяду самцы распускаюць свае густыя белыя і чорныя пер’і на грудзьдзёх і галаве, чым спрабуюць прывабіць самак. Яны распушаюць сваё пер’е ў вялікі клубок, быццам белы мячык, пачынаюць хутка перабіраць лапкамі і ганяць на высокіх узгорках, медленна пакочваючыся бегаюць то коламі, то п’янымі лініямі, а калі стомяцца то наўпрост стоячы на месцы. І гэтак некалькі месяцаў, кожную раніцу і вечар. Відовішча заварожвае, асабліва калі ў канцы такой прабежкі птушка спыняецца і гучна кляцае дзюбай, потым моўчкі ўглядаецца ў далягляд, спрабуючы разгледзіць паміж шэрай ад палыну прасторы такога ж шэрага колеру самку. Самкам падабаецца, калі для іх танцуюць, яны выбіраюць сабе любімага танцора, падыходзяць да тока бліжэй і зьдзяйсьняюць свае жаданьні з самым лепшым, на іх думку, самцом. Самец жа, убачыўшы самку, ня можа нарадавацца. Распушчае свае пер’і і ў танцы бяжыць да нарачэннай. Тая не адразу даецца, спачатку адлятае на невялічкую адлегласьць, быццам баючыся мужыцкай упартасьці, але з рэшты рэшт замірае, дазваляючы самцу выпусьціць сваю мужчынскую сілу. Самец не сьпяшаецца, робіць некалькі паказальных колаў вакол самачкі, з кожным разам набліжаецца ўсё бліжэй і бліжэй да нарачэннай. Сам працэс каханьня можа зацягнуцца надоўга, таму самка сама вырашае, калі гэтаму скончыцца, пасьля чаго мусіць уляцець, каб самец яе больш ня турбаваў, бо той ня зможа спыніцца, а як пры такіх умовах яйкі насіджваць?! Хаця ёсьць і элегантныя кавалеры, якія суправаджаюць самку, харчуюцца разам, і вабяць час у хмызьняках, калі днём пачынае прыпякаць.
Гняздуюцца прыгажуні недалёка ад такавішчаў, на адлегласьці да аднаго-двух кілямэтраў, але так, каб самец ня заўважыў яе на гняздзе, бо ў такім выпадку ня будзе спакою пад час насіджваньня яек.
Прыгажуня вельмі акуратна даследвае мясцовасьць перад тым, як гнездавацца. Гняздо ладзіць на пяску звычайна паміж курцінкамі палыну, ці на ўскрайку баялычовага лесу, але ў кожным выпадку ў самкі ёсьць магчымасьць незаўважнага сыходу з гнязда – ці то старая калея, ці проста няроўнасьці пустэчы. Пад час гнездаваньня прыгажуні ўдала маскіруюцца, карыстаючыся ня толькі сваёй афарбоўкай, але і кожным кусьцікам, кожным бугарком і паніжэньнем для сваёй канспірацыі. Шлях да гнязда можа цягнуцца да шасьці гадзін, увесь гэты час прыгажуня хаваецца, раствараецца сярод пустэчы, потым узьнікае ў зусім іншым месцы і зноў раствараецца. Яна ходзіць коламі, петлямі, і месца знаходжаньня гнязда, пакуль яна на яго не сядзе, проста не магчыма вылічыць. Уся гэтая канспірацыя дае свае плады. Праз дваццаць два дні на сьвет з’яўляюцца маленькія пушыстыя камочкі, якія адразу добра бегаюць і асвойваюць навыкі выжываньня, падражаючы сваёй маці. У гэты час паводзіны самой прыгажуні мяняюцца. Яна кантралюе кожнага драпежніка, які прабягае побач. І калі той раптам рухаецца ў бок птушанят, самка ляціць насустрач да яго і быццам параненая птушка валочыць крыло па зямлі ў супрацьлеглы ад птушанятаў бок. Драпежнік сьледуе за дарослай птушкай, а тая пры набліжэньні адлятае на кароткую адлегласьць, і гульня працягваецца, пакуль драпежнік ня прыбярэцца на бяспечную адлегласьць. Такія паводзіны апраўдваюць свае існаваньне. Прыгажуня мае шмат сяброў і шмат ворагаў. Лісы, ваўкі, карсакі, дзікія каты, арлы, луні, агромныя яшчуркі-вараны – усе яны радыя паласавацца вялікімі яйкамі, ці птушанятамі. Такая іх прырода. Пры страце кладкі, дропы робяць яшчэ адну, і зноў пачынаюць насіджваньне. Крыўдна, калі яйкі зьядаюцца ў апошнія дні перад вылупленьнем – самкі ходзяць сумныя некалькі дзён, але анічога ня зробіш – трэба зноў сядаць на яйкі амаль што на месяц. Каб гэтага не здарылася, птушкі карыстаюцца ўсімі магчымамі спосабамі быць незаўважнымі і не раскрыць месцазнагоджаньня іх сьвятога гнязда. Пры зьяўленьні птушанят нярэдка дрофы робяцца больш калектыўнымі. Нярэдка можна бачыць два-тры вывадкі птушанят разам. Гэта нагадвае дзіцячы садок. Дзеткі весела бегаюць адзін за адным, а дарослы прасьцей надурыць драпежніка, пры ягоным набліжэньні. Здараліся і такія выпадкі, калі згубленыя птушаняты прыядноўваліся да іншага вывадку, і новая сям’я прымала іх, гадавала. Самцы гэтым часам таксама зьбіраюцца ў невялікія групы па два-тры-чатыры – іх праца амаль скончаная – самкі ўжо гадуюць птушанят, таму можна раслабіцца ў сваім мужчынскім асяродку, пахвастацца, колькі самак яны займелі пад час гэтага сэзону, перадаць вопыт флірту.
А ў ліпені, калі птушаняты ўжо вырастаюць да памераў дарослых птушак, прыгажуні зьбіраюцца ў невялікія чароды, наядаюцца конікамі і яшчуркамі, рыхтуюцца да найбольш цяжкага выпрабаваньня – першай зімовай міграцыі. Пад час зімовых пералётаў іх чакаюць новыя выпрабаваньні – ня толькі суворае надвор’е, але і шматколькаснае і бескантрольнае браканьерства, якое нясе вялікую пагрозу для птушак на шляху да зімоўкі. Але ўсё мінае, ня ўсе, канешне, вяртаюцца на радзіму, у тыя непрыкметна прыгожыя мясьціны, якія чалавек акрэсьліў, як пустэча. А мясьціны, дзе жыве прыгажуня, на сам рэч трымаюць у сабе ўнікальную, толькі ім уласьцівую прыгажосьць! Ня гледзячы на засушлівы і суворы клімат кантынентальнай Азіі прыгажуні добра прыстасаваліся да жыцьця ў пустэчах. Яны спажываюць ваду разам з харчамі – рознымі насякомымі, яшчуркамі, семянамі і самімі расьлінамі, марозныя і сьнежныя зімы перажыдаюць на паўднёвым ускрайку Азіі, куды адкачоўваюць пад канец восені. Неўзабаве наступнай вясной прыгажуні вяртаюцца і звычайна самцы займаюць тыя ж самыя ўзгоркі для такавішчаў, а самкі тую ж самую тэрыторыю для гнездаваньня.
На тое, якую прыгажосьць нясе ў сябе на першы погляд мёртвая зямля пустэчаў варта пабываць у таямнічай і шырокай пустэчы Бетпакдале, што шырыцца на поўдні Казахстана.
Наступае вясна. Сярод шэрага покрыва палыну з’яўляюцца быццам яскравыя агеньчыкі першыя маленькія белыя цюльпаны, праз тыдзень імі раўнамерна афарбуецца ўся зямля, шэрасьці амаль не застанецца, толькі белае покрыва цюльпаньчыкаў. Яшчэ праз тыдзень белыя кьветкі зьнікаюць так жа імкліва, як і павырасталі, але няма часу для разчараваньня - ім на зьмену прыходзяць чырвоныя, аранжавыя і жоўтыя цюльпаны – пустэча мяняе сваё покрыва на больш яркае. Разам зь імі ўздымаецца першая зялёнка і розныя дробныя кьветкі, дзе-нідзе сінеюць купінкі ірысаў, а мясьціны побач з крыніцамі вады буйна разрастаюцца і дораць рознаквецьце. У гэты час над пустэчай часта з’яўляюцца хмаркі і праносяцца першыя навальніцы. Нажаль, і для гэтых цюльпанаў адведзены кароткі час, ім на зьмену прыходзіць крывава-чырвонае покрыва з макаў, а на роўне зь імі паўсюль уздымаюцца высокія, з чалавечы рост, ферулы і шырокалістыя рэвені, у цяні якіх вырастаюць белыя грыбы. Але з рэшты рэшт сонца бярэ верх над расьлінамі. У пачатку чэрвеня яно выпальвае ўсю зямлю і пустэча зноў набывае палынную шэрасьць, толькі вось пасьля ўсяго буйства вясновай прыроды, тая шэрасьць ужо не падаецца такой самотнай, як пасьля зімы.
Прыгажуня выбрала цудоўны край, дзе шумяць вольныя вятры, кьвітнеюць цюльпаны ды макі, уздымаюць свае махнатыя лапы саксаулы; месца, дзе вечнасьць спынілася; месца, дзе хапае часу, каб асэнсаваць сваё жыцьцё і прыняць некалькі ўрокаў ад мясцовай прыроды:
Радасны момант з часам перагарае, каб даць месца новым, больш яскравым. Усё цыклічна – ноч зьмяняецца днём, зіма вясной, жыцьцё сьмерцю - і гармонія наступае, калі твой лад жыцьця ўпісваецца ў гэтыя цыклы.
Прырода рэдка дае табе тое, чаго ты жадаеш. І гэта ня значыць, што тое, што яна дасьць будзе горшым за тое, чаго ты хацеў. Прырода не прадказальна, як самая непрадказальная тэатральная пастаноўка.
Прыгажуня ня скардзіцца. Птушкі заўсёды занятыя клопатам выжыць і выгадаваць патомства, жывучы ў наканаваных для іх досыць суворых, але і неймаверна прыгожых умовах.
І ў пустэчы цячэ жыцьцё са сваімі адметнасьцямі і асаблівасьцямі, анічым ня горшае за іншыя мясьціны, бо яно ўнікальнае.
Тыя месцы, дзе, падаецца, няма чаго губляць, вельмі чульлівыя да зьнешніх узьдзеяньняў. Распрацоўкі нафты, урана, газу прыводзяць да паступовай дэградацыі вялікіх абшчараў пустэчы, як і нярэдкія спробы наладзіць сельскую гаспадарку, распахваючы палі на зусім непрыдатнай для гэтага зямлі.
Цярпеньне і магчымасьць радавацца ўсялякай дробязі, што адбываецца навокал, лёгка дасягаецца сярод пяскоў, але так складана засяродзіцца на іх сярод бятоннага мегаполісу.
Дождж прыносіць радасьць шчасьліваму чалавеку. Гэта складана зразумець нам, дзе дробны штодзённы восеньскі дождж наганяе тугу, але тут рэдкі абільны дождж на самой справе дае новае жыцьцё для раслін, новыя сілы для жывёлаў і людзей.

МЫ ВАС ГУБЛЯЕМ

#птушківучаць #Бакур #Беларусь

Птушкі Беларусі. Сьпіс пярнатых, дзякуючы новым адкрыцьцям апантанных арнітолягаў з кожным годам пашыраецца. Лічба ўбачаных у нашай краіне птушак пераваліла за 325-ць відаў, і цяжка сказаць, якая мяжа пярнатай разнастайнасьці існуе тут. Той факт, што зімой да нас у госьці залятала камчацкая чайка, такі вось рэдкі залётны госьць нават для ўсёй Эўропы, сьведчыць аб тым, што адкрыцьцё новага віду – працэс непрадказальны. Ты можаш згубіць багата часу, каб знайсьці што-небудзь рэдкае і цікавае, а нехта зробіць адкрыцьцё зусім выпадкова. Так было, напрыклад, з чорным грыфам, якога бачылі над Беларусьсю толькі некалькі разоў. А вось далёкія ад навукі людзі, едучы з адпачынку ў Берасьце, заўважылі на ўзбочыне дарогі птушку з доўгай шыяй, што дзяўбла мёртвую сабаку. Яны зьдзівіліся яе нязвыклымі формамі і не паляніліся, знайшлі кантакты Белавескай пушчы, а адтуль ужо зьвязаліся з намі, маладымі і актыўнымі студэнтамі-птушкалюбамі. Гэтыя ж мінакі нават знайшлі час, каб разам з намі з’ездзіць на тое месца і паказаць, дзе сабака “зарыта”. У той дзень нашыя намаганьні былі марнымі, мы ня ўбачылі птушку, толькі пачулі гучны трэск - з суседніх дрэваў нешта вялікае ўзьнялося ў неба, але гушчар лесу не дазволіў разглядзець птушку. Пасьля чаго мы вырашылі кожны дзень маніторыць тое месца. І зрэшты рэшт пашанцавала майму сябру: ён убачыў і нават зфатаграфаваў грыфа. Чорны грыф – аматар гор і шырокіх прастораў, бліжэйшая месца гнездаваньня – Крым, відаць непагадзь з моцным ветрам, якая бушавала некалькі дзён, прынесла з сабой гэтага небараку з вялікімі шырокімі крыламі.
Гэтак жа ветрам заносяцца пеліканы, што рэгіструюцца зрэдку там-сям. Калі ўважліва сачыць за міграцыяй гусёў ці чаек, то ўпэўнена можна вылучыць рэдкія экзэмпляры на месцах харчаваньня, ці начлегу мігрантаў. А колькі дробнай шчабятні хаваецца ў хмызьняках ад вызначэньня пры першай спробе дастаць бінокль або фатаздымач!
Каб убачыць рэдкі від патрэбен момант. І ў такой непрадказальнасьці прыроды ёсьць свой азарт, які заахвочвае цябе на новыя вандроўкі ды экспедыцыі. І, канешне, верагоднасьць пабачэць нешта новая большая ў тых людзей, хто не сядзіць у хаце, а пастаянна адчыняе дзьверы для адкрыцьцяў, вандруе і пазнае прыроду.
Некаторыя птушкі залятаюць да нас на некалькі дзён, а потым проста зьнікаюць і з вялікай верагоднасьцю больш ніколі ізноў не будзе новай магчымасьці ўбачыць іх на прасторах нашай радзімы, а некаторыя пашыраюць сваё гнездаваньне і з кожным годам робяцца ўсё больш і больш звычайнымі. Яшчэ дваццаць год таму было сэнсацыяй убачыць сірыйскага дзятла на поўдні Беларусі, а цяпер ужо рэдка можна назіраць вялікага стракатага дзятла у населеных пунктах, хутчэй за ўсяго гэта будзе больш агрэсіўны і ўпарты сірыйскі блізьнюк, які выштурхоўвае свайго брата-рэзідэнта ў лясы. Гэтаксама пашырылі межы жыхарства і кальцовая туркаўка, вялікая белая чапля, вялікі баклан. Апошнія два спачатку былі цалкам зьнішчаны на нашай тэрыторыі, але зараз ізноў не без праблем і посьпехаў спрабуюць глебу для гнездаваньня. Цяпер жа ўсё часьцей рэгіструюцца на гнездаваньні лебедзі-клікуны, пашыраючы свой арэал на ўсю тэрыторыю краіны. Складана ўявіць, што паўстагодзьдзя таму ў нас практычна не было лебядзяў-шыпуноў. Яны былі вынішчаны чалавекам, але вярнуліся, і цяпер мала ў якога браканьера падыміцца рука забіць гэтую каралеўскую птушку. Падобны лёс быў і з бабром – такая сабе птушка, аматарка пагрысьці асіны і перагарадзіць рэкі. Бабры былі амаль цалкам вынішчаны паўстагодзьдзя таму, але не пасьпелі яны ізноў шырока распаўсюдзіцца, як паляўнічыя вычварэнцы пусьцілі бабра на кілбасу ў перамешку зь дзікімі качкамі. Гэта ня ўкладаецца ў галаве наўпрост, як можна дзікіх жывёлаў у дваццаць першым стагодзьдзі пускаць у прамысловае харчаваньне, фактычна безкантольна зьнішчаць, як гэта было папулярным два-тры стагодзьдзя таму пры асваеньні свету. Будзем спадзявацца, што такая сумная недарэчнасьць з бабром, як і вясновае паляваньне, замежны паляўнічы турызм, забойства рэдкіх глушцоў, зуброў, ласёў, шэрых гусёў – зьява часовая. Многія замежныя аматары прыроды едуць да нашых паўночных суседзяў, каб ужывую пабачыць бабра, атрымаць асалоду ад моманту, зфатаграфаваць на памяць ягоныя пампезныя забудовы, а ў нас – кілбаса для турыстаў, з хітрай шырокай усьмешкай на тлустым твары забойцы-паляўнічага.
Але зьверы ды птушкі ўсё адно не губляюць надзеі знайсьці свой прытулак у Беларусі. Ужо некалькі год на поўдні гняздуюцца чарнагаловыя ёрчыкі, чырванагаловыя каралькі, відаць, і караткапалыя паўзункі таксама дзе-нідзе знайшлі свой дом. На поўначы рэгіструюцца новыя для Беларусі паўночныя мармытулі і пячураўкі-талаўкі. Верагоднасьць гнездаваньня гэтых відаў у Беларусі высокая, але праз складанасьці ў вызначэньні і шырату падыходзячых для гнездаваньня біятопаў знайсьці такіх птушак на гнёздах зусім ня проста. Яны пашыраюць сваю прысутнасьць у Беларусі, і гэтая рэчаіснасьць радуе, хаця і сьведчыць, як аб зьмене кліматычных умоў, перабудове прыроднай занальнасьці, так і яшчэ кепскай даследаванасьці прыродных тэрыторый, перавазе паляўнічых над натуралістамі.
Ня гледзячы на такія пазытыўныя навіны, некаторых птушак мы губляем. Цяжка ўявіць, што па нашых прасторах калісьці хадзілі здаравенныя дропы – стэпавыя птушкі, якія за апошняе стагодзьдзе значна скарацілі тэрыторыю свайго пражываньня. Пакінуўшы шмат пытаньняў гэтаксама паступілі і паланік, лугавыя ціркушкі. Яны пакінулі нашыя прыпяцкія пясчаныя берагі і знайшлі сабе новае месца жыхарства.
Многія звычайныя птушкі незаўважна нават для вока даследчыка скарачаюць сваю колькасьць. Дзякуючы шырокаму выкарыстаньню ў сельскай гаспадарцы розных атрутных хімікатаў, разам са зьнішчанымі сарнякамі і насякомымі памірае багата птушак і іншых жывёлаў. Простым вокам гэтага не заўважыш, бо птушкі ўсё адно яшчэ часта трапляюцца на вочы, але шматгадовы маніторынг звычайных відаў птушак, які шырока распаўсюджаны і даўно праводзіцца ў краінах Эўразьвязу паказвае адваротнае. Ён даказвае, што трэба трубіць у трубу, каб захаваць нават палявога жаўрука ці сьвірстуна. У Беларусі толькі пачынае прыносіць першыя, яшчэ спрэчныя вынікі такі маніторынг. Але гледзячы на сумныя навіны агульнаэўрапейскіх тэндэнцыяў, у апошняя выдавецтва нашай Чырвонай Кнігі патрапілі, здаецца, звычайныя віды, такія як жаўрук-сьмяцюх і палявы сьвірстун. Праўда, у наступную рэдакцыю яны напэўна не патрапяць, бо арнітолягі ня бачаць варыянтаў, як ім можна дапамагаць у межах Чырвонай Кнігі. Сьмяцюх, напрыклад, жыве на фэрмах, ці нават на задворках сёлаў і гарадоў, а палявы сьвірстун на аграландшафтах, прычым месца абітаньня гэтых відаў часта зьменлівае, а фэрмы, ці палі не зачыніш для аховы гэтых, пакуль не зусім рэдкіх птушак, тым больш, што аграландшафт і ёсьць іх дом.
Ракшы – адны з самых калярытных і прыгожа пафарбаваных нашых птушак. Сустрэча зь імі заўсёды запамінаецца, быццам яскравае сьвята. Шчуркі-пчалаедкі маюць карычневыя крылы, блакітную грудку і жоўтае горлышка, а таксама элегантную форму цела, а сама назва – пчалаедкі, адразу ўздымае іх у пярнатую эліту. Зімародкі са сваёй блакітнай сьпіной, сінімі крыламі і чырвонай грудкай, як правіла, з’яўляюцца нечакана, так жа нечакана і зьнікаюць, злавіўшы на ляту невялічкую рыбёху. Найчасьцей можна пачуць толькі іх гучныя галасы, што яны высьвістваюць, хутка лётая ўздоўж ракі над самай вадой, моцна махаючы крыламі. Іншы прадстаўнік ракшападобных – усім вядомы ўдод. Стракатая, у белую, чорную і жоўтую палоску птушка растапырвае свой хахалок, калі ёй штосьці не да спадобы. Сустрэць яго можна не часта, але і рэдкай птушку не назавеш. Удод палюбіў цікавы, але схаваны ад людзкіх вачэй лад жыцьця, таму сустрэча зь ім – заўсёды падзея. Нават калі Вам пашанцуе ўбачыць птушку, то знайсьці ягонае гняздо будзе вельмі ня проста. Удод той яшчэ канспіратар.
Сіні сіваграк – кароль сярод нашых ракшаў. Сіні колер цела пераліваецца, і адценьні яго мяняюцца: на галаве сьвятлейшае, на крылах цямнейшае. Лёгкая карычневая накідка на верх крылаў яшчэ больш падкрэсьлівае высокі чын гэтай птушкі, але як і падабае каралям, іх не павінна быць шмат. Сіваграк – рэдкая ўдача для арнітоляга. Вядома зусім мала месцаў, дзе ён гняздуецца, і з кожным годам такіх месцаў робіцца ўсё меней. Яшчэ стагодзьдзе таму кожны мог любавацца прыгажосьцю гэтых пярнатых, што расьселіся па слупах уздоўж дарог. Зараз жа па ўсёй Эўропе від актыўна скарачае сваю папуляцыю, і прычыны гэтаму не вядомыя. Беларусь – ня выключэньне. Са звычайных птушак сівагракі ператварыліся ў каралёў, сустрэча з якімі надае зайздрасьці іншым бёрдэрам, якім сівагракаў так і не пашасьціла ўбачыць. Так выпала, што некалькі пар птушак засталося і вакол маёй роднай вёскі Дзівін. Часта даводзілася чуць ад знаёмых, што бачылі там-та і там такіх каляровых сініх птушак, але сам убачыў сіваграка ў родных мясьцінах зусім нядаўна. Гэта была першая сустрэча ў Беларусі, але яна не была вялікай падзеяй, бо я толькі вярнуўся з Казахстана. Дзіўна, але на фоне Эўропы ў Цэнтральнай Азіі сінія сівагракі засталіся звычайным і нават у некаторых месцах масавым відам. Ты едзеш уздоўж ланцуга гор, а праз кожную сотню мэтраў, а то й часьцей на слупах і правадах будуць сядзець каралі. Зьнікае адразу адчуваньне рэдкасьці гэтага віду ў нас. Зачыняеш вочы і ўяўляеш, паглынаючыся ў мінулае… І плывуць карцінкі са старымі хатамі, саламянымі дахамі, драўлянымі слупамі і сінімі сіваваронкамі зь вершаў Янкі Купалы.
Шчуркі-пчалаедкі гняздуюцца невялічкімі калёніямі ў высокіх абрывах рэк, ці кар’ерах, кожны год знаходзяцца ўсё новыя і новыя такія маленькія гнездавыя калёніі. Зімародак жа трымае нейкую стабільнасьць: гняздуецца быццам бы шмат дзе, але з Чырвонай Кнігі пакуль не сьпяшаецца вылятаць. Удод жа туды ніколі і не патрапляў, хаця, складана сказаць, што яго болей, чым зімародка. А сівагракі не жадаюць больш засяляць нашыя дубравы і стогадовыя лясы, бо відаць не даспадобы ім вынішчэньне стараўзроставых лясоў. Прабачце нас, вяртайцеся на радзіму, сінія каралі!
Акрамя каралёў, жыве ў нас, як тое патрэбна ў казках, і шэры пярнаты народ. Шэрая курапатка таксама, напрыклад, перажывае дэмаграфічны крызіс у нашай краіне. Канкрэтныя прычыны гэтаму таксама застаюцца спрэчнымі, бо курапаткі не даследваліся пэўным чынам, ды і шэры лад жыцьця гэтых птушак застаецца не заўважны воку чалавека, але калі раптам у Вашым агародзе засталася зімаваць чародка шэрых курапатак, гэта на шчасьце! Акуратна вызваліце ад сьнега тэрыторыю ў некалькі квадратных мэтраў, падкарміце птушак зернем ржы, ці пшаніцы і насалоджвайцеся прыгажосьцю і сьціплымі паводзінамі сьціпла апранутых, але вельмі прыгожых птушак усю зіму. Шэрыя курапаткі моцна прывязаны да кормнага месца асабліва ўзімку і цалкам залежаць ад яго, таму, калі Вы зрабілі харчовую пляцоўку для гэтых птушак, ніколі не забывайце яе, бо курапаткам складана будзе знайсьці іншую крыніцу харчаваньня ў надыйшоўшую лютую ды сьнежную зіму. Не шкадуйце зерня, у падзяку Вы атрымаецце цёплыя і прыемныя моманты ад кантакта з прыродай, якія крышачку сагрэюць Вашае сэрца. Усім цяжка, але існасьць чалавека – дапамагаць. Шчасьце аддаваць, дапамога бескарысная і шчырая - з гэтага будуецца дабрыня.
Нажаль, іншаму віду – белавокаму нырку – мы таксама мала чым можам дапамагчы. Чорная маленькая качка з добра выразным белым падхвосьцем і кантрасным белым вокам рэдка дае сябе ўбачыць. Белавокі нырок – глабальна зьнікаючы від, і ў Беларусі ён з кожным годам таксама сустракаецца ўсё радзей і радзей.
У пачатку нулявых на рыбгасе “Страдзіч” блізу Берасьця мы дакладна ведалі, на якіх сажалках можна ўбачыць белавокіх качак. Птушкі былі вельмі кансэрватыўнымі і год ад году назіраліся ў звыклых для іх месцах на дробных сажалках на палову парослых купінкамі трысьнягоў. Гэта было настолькі прадказальна, што нават думкі не ўзьнікалі аб тым, што птушкі могуць зьнікнуць з тэрыторыі рыбгаса, які размясьціўся пасярод вялікага ляснога масыву, а самі сажалкі складаюць цэлую прыродную экасыстэму, ня гледзячы на штучны характар утварэньня. Адзін эпізод са студэнцкага жыцьця узгадваецца ў памяці. Група турыстаў са Швэцыі, пажылыя аматары птушак, робяць чарговы птушыны тур па Беларусі. Праязджаючы Берасьцейшчыну яны зьвязваюцца са мной, каб убачыць белавокага нырка. Едзем на “Страдзічы”, праз пяць хьвілін усе любуюцца рэдкай птушкай, а праз дзесяць усе сядаюць у аўтобус. Усё. Ім больш не цікава гэтае месца. Непаразуменьне і зьдзіўленьне занепакоілі мяне. Няўжо так і выглядаюць птушыныя туры? Дзеля таго яны ствараюцца, каб закрэсьліць пусты квадрацік насупраць рэдкай птушкі. Мне шчыра кажучы часам шкада чэмпіёнаў-бёрдэраў, некаторыя зь іх перакрочылі дзевяцітысячную мяжу, вандруючы па ўсім сьвеце ў пошуках новых відаў птушак, каб закрэсьліць пусты квадрацік насупраць новай птушкі, каб быць першымі, займець славу?! Цяпер я не пакажу белавокага нырка турыстам, не таму што ня хочацца гэтага рабіць, а таму, што ня ведаю сталага месца жыхарства гэтай птушкі. На ўзгаданым рыбгасе ныркі больш не трымаюцца, толькі зрэдку можна ўбачыць некалькі рэдкіх птушак пад час міграцыі, што навявае цёплыя ўспаміны і сумныя думкі аб будучыні.
Перасталі цешыць вока і некаторыя іншыя птушкі. А для кагосьці звычайная лесанарыхтоўка, ці асушэньне можа абернуцца катастрофай. Нажаль, пакуль усе гэныя пытаньні ў нашай краіне актуальны, бо навука, як і падабала камуністам, даўно не стаіць на першым месцы.
Мы вас губляем родныя - сінія каралі, белавокія ныркі, шэрыя паненкі, ці звонкія сьмяцюхі. Не пакідайце, калі ласка, Беларусі, мы распрацуем і рэалізуем для вас сацыяльную праграму адаптацыі і расьсяленьня. Вы нам патрэбны, дарагія птушкі!

АТЛАСКІЯ САКРЭТЫ

#Бакур #Атлас #птушківучаць

Вецер. Моцны атласкі вецер. Ён зрывае з ног людзей і нясе рознае сьмецьце па бяскрайных абшчарах пустэчы. Гэты вецер выдзьмуў ужо ўсе незамацаваныя пясчынкі, пакінуўшы толькі шырокія абшчары суцэльнага каменьня, якое ніяк не авалодаць простай рыдлёўкай. На хвалях ветра адчуваеш сябе птушкай - без напругі ўздыхаеш у поўныя грудзьдзі, раздуваючы паветраныя мяхі. Моцны вецер надае пачуцьцё свабоды і першазданнасьці, лёгкасьці і палёту. Сонца і цёплы моцны вецер! З двух бакоў небасхіл трымаюць сьнежныя горныя ланцугі, а паміж імі шырокая даліна Аль Батэн. Вецер часта апускаецца з гор і тыдзень гуляе па даліне, потым тыдзень адпачывае, а адпачнуўшы ізноў пачынае церабіць дзе-нідзе узросшыя кусты калючага зізіфюса, то набіраючы моц, то дае слабіны. Вось і зараз вецер разгуляўся не на жарт, узьняў пясок над Сахараю і нясе кудысьці праз горы, утвараючы шчыльную пясчаную сьцяну ў некалькіх кілямэтраў ад нас, не хацелася б апынуцца зараз у гэтай сьцяне. Мы схаваліся за невысокім гліняным будынкам, куды нас запрасілі на гарбату мясцовыя жыхары. Вецер на столькі моцны, што зрывае мяне з ног у прамым сэнсе. Зраблю пару крокаў ад будкі-схованкі на сустрач ветру і пралячу з дзясятак мэтраў, а потым зноў схаваюся, каб далёка ня ўнесла. І зараз нішто ня можа больш дакладна нагадваць свабоду, як тое адчуваньне, калі з вялікай хуткасьцю тваё цела пранізвае беднае на кісларод паветра, цягне ў неба і зрывае вопратку, як узбуджаная жанчына.
Вецер не дае спакойна лётаць і птушкам. Адні хаваюцца ў рэдкіх хмызьняках і сярод каменьня, а тых, хто не схаваўся, заносіць за дзясяткі, а то й сотні кілямэтраў. Звычайна пасьля моцных вятроў у даліне часта можна сустрэць сьцярвятнікаў, маркутоў, грыфаў ды іншых вялікакрылых драпежнікаў-парыльшчыкаў, што гняздуюцца ў гарах. Тут жа пад маімі нагамі ад ветра хаваюцца жаўрукі Тэкла – шэрыя, чубатыя, галасістыя птушкі, вельмі падобныя на нашых жаўрукоў-сьмяцюхоў. Від-блізьнюк не далятае да Беларусі, ён радуе тутэйшы мараканскі люд сваімі спраўнымі і несканчаемымі сьпевамі. Зараз ён па-мужыцку маўчыць, зрэдку выкрыкваючы нейкія кароткія, але рэзкія ноткі. Нас жа запрашаюць у хату. Пасярод пакою з небагатым убраньнем у кожнай хатцы стаіць стол для гасьцёў. Кожнага вандроўніка ў пустэчы мясцовыя жыхары ветліва запрашаюць у госьці, напояць найпапулярнейшым тут напоем – зялёнай гарбатай з мясцовых траў, а калі вандроўца галодны, то абавязкова накормяць, чым багаты. Кожны незнаёмы і знаёмы чалавек табе ветліва ўсьміхаецца, што прымушае цябе ўсьміхацца ў адказ, толькі ты ня ведаеш, што хаваецца за гэтай звонку шчырай усьмешкай.
Марока зьдзівіў нас зь першага дню. Калі на ўзьбярэжжы трапічная вясна – цёплае і вільготнае надвор’е, паўсюль кьвітнеюць кьветкі і растапырваюць лісьце пальмы, то праз пару гадзін руху на аўтамабілі малюнак паступова зьмяняецца на засушліва-пясчаны, а чым бліжэй да гор, то ўвогуле ў бялюткае сьнежнае покрыва, якое паступова зьнікае на іншым баку горнага перавала. Бясконцыя серпанціны; чырвоная, быццам марсіанскія пяскі, глеба; домікі зь мясцовым калярытам; мноства вулічных гандляроў-папрашаек, што абавязкова знойдуць прычыну прычапіцца да іншаземца; вялікія плянтацыі алівак і дрэвы з сакавітымі мандарынамі-апельсінамі.
За Атласкім храбтом зьнікае і ўсё турыстычнае жыцьцё. Цяпер толькі аўтэнтычныя, не прыстасаваныя пад эўрапэйцаў людзі. Пастухі ў доўгіх сукнах, якія добра захістаюць ад ветру, сочаць за статкам коз ды авечак. Побач зь вялікім мяхом на сьпіне пасьвіцца іх верны спадарожнік мул. Школьнікі ў прыгожых убраньнях вяртаюцца са школы. Людзі ў гарадах могуць спакойна пераходзіць дарогі ў любой месцы, бо тут пануе павага да пешаходаў. Яркія ўсходнія фасады дамоў шчыльна прыляпіліся адзін да аднаго, утвараючы агульны калярытны ўсходні архітэктурны ансамбль - нават ня ўсходні, а выключна мараканскі. Кірмашы дыхаюць шчыльным натоўпам жыццерадасных людзей, якія будуць піхаць іншаземцу тавар у трыдорага, і ты мусіш увесь час гандлявацца. У залежнасьці ад таго, на колькі ты майстар такой справы, і будзе залежыць, колькі грошай ты захаваеш у кішэні. Мясцовыя кавярні заманьваюць смажаным на адкрытым вогнішчы мясам. Паабапал, на металічных круках вісяць сьвежыя тушы толькі што апрацаваных авечак, коз ды цялятак. Хутка гэтае мяса горкай будзе выкладзена на вялікі посуд, і разам з цыбуляю ды таматамі пададзена да сталу. Ядуць мараканцы пераважна рукамі, дапамагаючы пышнымі ляпёшкамі, кавалкі ад якіх уваходзяць у рот сьледам за шматком мяса. І, канешне, гарбата з насычаным зялёным колерам і духмяным араматам! Кіпіць жыцьцё, гучаць арабскія ды французкія гутаркі, разьвіваюцца на дамах чырвоныя з чорнай зоркаю сьцягі, а за горадам разьліваецца знаёмая музыка прыроды – песьні жаўрукоў ды стракатаньне цыкадаў.
Толькі выяжджаеш на бездарожжа, як адразу пачынаюцца выпрабаваньні. Даліна Аль Батэн - надзвычай камяністае і ўхабістае месца. Увесь пясок закамянеў, ці даўно ўжо выдула ветрам, так што й сама зямля тут – суцэльны чырвоны камень. З гор паўсюль зьбягаюць ручаіны вады разам з талым сьнегам. Калі ж вада скончваецца, то пакідае за сабой сухія рэчышчы, якія перасякаюць рух кожную сотню мэтраў, таму часам на пераадольваньне нейкіх дзесяці кілямэтраў можа спатрэбіцца цэлая гадзіна. Ня гледзячы на гэта, птушкі заманьваюць усё глыбей і глыбей, да самых горных сьхілаў.
Мясцовасьць у даліне выглядае зусім гола. Бляклую скудную расьліннасьць пастаянна выядаюць козы, якіх тут непараўнальна шмат, таму пясчана-камяністыя краявіды ажыўляюць толькі рэдкія фісташкавыя дрэвы, калючыя хмызьнякі зізіфюса, ды рэдкія купіны палыну. Бліжэй да гор там-сям можна ўбачыць курцінкі высокай травы альфы. Гэтая лясная трава ўяўляе сабой сумны напамін аб тым, што некалі тут узвышаліся дрэвы. Ды чаму калісьці?! Яшчэ паўстагодзьдзі таму статкі коз і авец адпачывалі ў ценю густых дрэваў, але ж мала часу спатрэбілася для таго, каб усё павысякаць-пазьнішчаць на патрэбы гаспадаркі, крыху болей, каб забыць увогуле аб існаваньні лесу ў гэтых мясьцінах. Назіраючы за людзьмі, бачыш, на колькі кароткай бывае гістарычная памяць, наколькі проста бывае прымусіць забыць, калі раптам паўстане такая мэта. Але памяць чалавека і ягоная гісторыя – рэчы суцэльна розныя. Памяць жыве ў чалавеку, а гісторыя – гэта факт пражываньня той, ці іншай падзеі, які захоўваецца незалежна ад жыцьця людзей. Гісторыю можна зьнішчыць, перайначыць, забыць, зруйнаваць, але як паказвае ўсё тая ж гісторыя – усё мінаецца, а праўда час ад часу ўсплывае і робіць магутным той, ці іншы народ.
Што жа ў птушак?! На зьмену лясным жыхарам тут даўно пасяліліся аматары пустэчаў. Зьвіняць як умеюць мясцовыя жаўрукі, якім яшчэ далёка да песьняў нашага роднага шэрага палявога жаўраночка. Маскіруюцца пад колер навакольля даўганогія бягункі. На камяністых узгорках быццам бы жывыя белыя камочкі танчаць свае брачныя танцы джэкі. Птушак шмат, ды й матывы іхнія зразумелыя – стварыць сям’ю, пракарміць сябе, выгадаваць дзетак і сьпяваць-лятаць-жыць! Ім не патрэбна шмат грошай для шчасьця, ім ня трэба вялікіх палацаў, золата-хрусталю, дарагіх аўтамабіляў і шмат іншага барахла, якое стварыў чалавек, каб ускладніць сваё існаваньне.
Студзёны горны вецер разганяе дурныя думкі з галавы. І калі сонейка хаваецца за воблака, адразу робіцца халадно – лета ператвараецца ў зіму. Добра, што аблокі тут рэдкасьць. Зараз тут, як і ў нас яшчэ не скончылася каляндарная зіма, якая таксама часам халодзіць, ня гледзячы на блізкасьць да экватара, хоць, ужо і цяплее з кожным днём. Вялікія яшчуркі-шыпахвосты днём выпаўзаюць са сваех нор і вяла перасоўваюцца недалёка ад жытла. З гары камянёў паглядзець на сьвітанак выпаўзла мілая мышка-элефантус. Гэты шэры круглы жывы камочак мае надзвычайна доўгі нос і вялікія вушы, ад чаго і паходзіць такая слановая назва. Недзе ў прыгор’і весела гамоняць земляныя вавёркі, хаваючыся сярод густа накіданнага каменьня. На калючым кусце расселася рудахвостка Мюсьеры. Кідаецца ў вочы яшчэ здалёк яе калярытная афарбоўка - чорная сьпіна, чырвоныя грудзі, ды шырокая белая брывя. А недзе сярод палыну сьмешна бегаюць, закінуўшы доўгія кручкаватыя дзюбы жаўрукі Дзюпона. Гэтыя птушкі – рэдкасьць, а значыць вялікая радасьць для арнітоляга. Жывуць яны хоць і шумнымі пасяленьнямі, але адасоблена, і знайсьці іх месца жыхарства, нават на тэрыторыі гнездаваньня – вялікі посьпех.
Вясна прыходзіць у горны Атлас. З кожным днём горы робяцца чарнейшымі, а сьнежныя шапкі танчэюць і цякуць уніз па шматлікіх рэчышчах, часам робячы шмат праблемаў людзям, што жывуць непадалёк. Па вузенькай горнай сьцежцы несьпяшаючыся сунецца асёл, на сьпіне ў яго ахапка сухіх дроваў. За ім так жа павольна крочыць захутаны ў доўгую мараканскую сукенку ягоны гаспадар. Крыху вышэй красуецца выкладзеная з камянёў крэпасьць. Ды ня крэпасьць увогуле, а загон для высакагорных коз, якіх і тут, як і па ўсёй краіне пасьвіцца вялікая колькасьць. Але для прышлых, як мы, гэты загон выглядае, як крэпасьць. Мы ўважліва разглядаем яго, фатаграфуем, замацоўваем у памяці. Такіх выкладзенных з каменьня будынкаў патрапіцца па дарозе яшчэ шмат, а пакуль – асалода момантам. Над вяршыняй бліжэйшай гары сваімі крыкамі прымусілі зьвярнуць увагу альпійскія каўкі – чорныя птушкі з жоўтымі дзюбамі. І нічога, што гэта не Альпы! Сярод пачарнелых і цнатліва аголеных склонаў журчыць бурная ручаіна, высока над ёй пакладзена кладка, якую не без рызыкі патрэбна памацаць, каб перайсьці на іншы бок і крочыць далей, аглядаючы навакольны цуд. Цудоўны, цёплы выходны дзень, бяз дрэнных думак, праблемаў і турботаў. Навокал горы, пад нагамі зусім не халодны падтаяўшы сьнег, лёгкае збалансаванае паветра і прызрачны сілуэт больш высокага храбта.
Дагарае сонца паміж вяршынямі Атласа. Не, не дагарае. Сонца можа дагараць у нас на Палесьсі, а там, на экватары, яно проста зьнікае, вельмі хутка наступае ноч з налітымі дрыготкім сьвятлом вялікімі зоркамі, без гуку гарадоў і сьвятла цывілізацыі. Атлас нясе ў сабе спецыфіку ўсёй мараканскай ідэнтычнасьці, ад традыцыйных устояў да шумных разгуляўшыхся вятроў, а можа проста фармуе ўсю тую ж мараканскую ідэнтычнасьць, якая маніць вялікай сілай павярнуцца ў цудоўны край майстроў, самабытнасьці, гор і чырвоных цнатлівых пяскоў.

ТУТ ЛЮДЗІ НЕ ЖЫВУЦЬ

#Бакур #птушківучаць
З маленькай затокі, якая хаваецца за павіслымі быццам дзявочыя валасы галінкамі івы, даносяцца галасы лебядзёў. Не шыпуноў, якія звычайна жывуць на малых і вялікіх беларускіх вадаёмах і добра знаёмы нам, а клікуноў. Клікуны – больш рэдкі від лебядзёў, які пачаў асвойваць ціхія куткі нашай бацькаўшчыны зусім нядаўна. Мы падыходзім бліжэй да вады, і сям’я з двух дарослых і трох ужо падрослых, але яшчэ шэрых малых, шумна пляскаючы шырокімі лапамі разганяецца па вадзе і ўздымаецца ў неба.
- Клікуны - тут звычайная з’ява. Яны ўжо даўно выцесьнілі шыпуноў, якіх тут можна ўбачыць вельмі рэдка на міграцыі. А, вось, клікуноў, па маіх ацэнках, гняздуецца каля 10-15 параў па ўсёй зоне, - павольна распавядае мясцовы ня вельмі знакаміты, але дужа таленавіты арнітоляг Валер Юрко.
Мне застаецца толькі адчыніць рот ад непаразуменьня. Зусім нядаўна, мой сябра зрабіў сэнсацыйнае адкрыцьцё, лебедзь-клікун упершыню загняздзіўся ў Беларусі на рыбгасе Гусак ля Берасьця, крыху пазьней такая ж прыемная навіна прыйшла з Гарадзеньшчыны. А тут на Гомельшчыне клікуны пажываюць сабе ў сваім мікраарэле ўжо даўно і ніхто ня ведае дакладна, калі там разьмясьціліся першыя пасяленцы і колькі іх зараз гняздуе ў таемных трысняговых старыцах Прыпяці. Клікуны павольна, але пашыраюць гнездавыя межы на Беларусі. Яны больш агрэсіўныя, чым усім нам вядомыя шыпуны, і калі клікун палюбіў вадаём, то ён будзе ганяць любога шыпуна-канкурэнта адсюль. А тут ажно каля трыццаці дарослых птушак. На пачатку ня верыцца, але вандруючы далей па зоне, пачынаеш лавіць сябе на думцы, што клікуноў тут дакладна шмат, а разам зь імі і арланаў, качак, кулікоў, якіх прытуліла Прыпяць.
- Гэта джунглі, ня ўсюль праедзеш, ня ўсюды дабярэшся. Прыпяць хавае ў межах зоны мноства старыкоў і заток, дзе спакойна выводзяць сваіх птушанят клікуны, але дабрацца да іх, каб зрабіць паўнавартасныя ўлікі часам проста не магчыма, - працягвае Валер.
Мы ў зоне – месцы, якое чалавек аддаў цалкам пад апякунства дзікай прыроды. Месца, дзе спыніўся час для людзей, але разам з тым тут кьвітнее разнастайнасьць расьлінаў і жывёлаў.
Чарнобыль. Трагедыя, якая зварухнула мільёны лёсаў і забрала з сабой дзясяткі тысячаў ахвяраў, прывяла да развалу Саюзу, які будаваўся на крыві і трымаўся на страху мірных жыхароў. Кропка кіпеньня выплеснулася разам з радыёактыўнай парай рэактара, які па абяцаньнях палітыкаў быў больш надзейным, чым швэйцарскі гадзіньнік. Што адбывалася пасьля выбыху, многія з нас ведаюць, але ўсю праўду дагэтуль трымаюць у сабе толькі адзінкі.
Час мінае. Радыактыўная пляма і людзкое гора ўсё мацьней зарастаюць ў адзіны прыродны абшчар чарнобыльскіх джунгляў. Ад закапаных пад зямлю вёсак не засталося б і сьляда, калі б ня сьвежапафарбаваныя камяні з назвамі, лічбамі дамоў і колькасьцю выселенных жыхароў. Такія камяні можна ўбачыць там-сям па ўзбочыне асфальтавай дарогі, якую паядаюць яміны часу. Тут варта зазначыць, што ня гледзячы на трыццацігадовае запусценьне, дарога тут выглядае цалкам ня блага. Дамы жа ў тых вёсках, якія не пасьпелі зарыць у зямлю, пакрыху руйнуюць расьліны, што прабіваюць сабе шлях да сьвятла праз тоўстыя апусьцелыя сьцены ды выбітыя шыбы акон, а самі каробкі засяляюць новыя лясныя жыхары.
Зона выклікае два пачуцьці: сум і прыемнае зьдзіўленьне. Сум - калі ты йдзеш па нежылой вёсцы, знаходзіш у апусьцелых дамах дзіцячыя цацкі і абрыўкі газэт, датуемых красавіком 86-га. Нявольна ўяўляеш сабе, як імкліва тут разьвіваліся падзеі. Прыемнае зьдзіўленьне само прыходзіць у сэрца, калі бачыш, што з’явіўся новы зялёны куток на радзіме з мноствам дзікоў, ласёў, ваўкоў, рысяў, зуброў ды іншых жывёлаў, якія лупата будуць глядзець на цябе і не разумець, што ты зараз можаш зьняць ружжо і пальнуць па іх сьмяротнаю куляй. Многія зь іх яшчэ не пазналі гвалт з боку чалавека, таму і падпускаюць двуногага да сябе вельмі блізка. Зона, хоць і з’яўляецца запаведнікам, прычым адным з буйнейшых у Эўропе (215 500 га), але пакуль што не ўваходзіць у рэестр асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый Беларусі. У нашага чынавенства ёсьць усё ж такі свае пляны на адпачнуўшую зямлю. Пакуль што з лёгкай сарамлівасьцю, але ўсё гучней і гучней заяўляюць, што радыяцыі ў Беларусі амаль не засталося і хутка можна будзе зноў зьбіраць вялікія ўраджаі на пакуль закінутых землях. А з будоўляй новай атамнай станцыі з расейскім эксперыментальным рэактарам, якую чамусьці пачалі будаваць ня ў забруджанай зоне, а ў маляўнічым і турыстычным месцы пад межамі Літвы, увогуле “папрасілі” не ўздымаць тэму чарнобыльскай трагедыі ў навучальных установах, каб не псаваць імідж новага эксперыменту зь “мірным атамам”.
Пакуль што пушчам і прыпяцкім плёсам у зоне нічога не пагражае. Пажарныя ахоўныя брыгады эфэктыўна спыняюць малейшыя задымленьні, вучоныя даследуюць усё, што можна даследваць, птушкі займаюцца сваімі брачнымі клопатамі, ласіхі паказваюць сваем дзеткам былы чалавечы дом, у якім яны будуць жыць, а я ў сваю чаргу забраўся на самую высокую вежу на самай мяжы з Украінай і разглядаю ў бінокль Чарнобыльскую АЭС. Яна ўзвышаецца меньш, чым у дзесяці кілямэтраў адсюль. Цёмныя сілуэты рэактараў, мноства кранаў на іх, пануры, закінуты гарадок Прыпяць і загадкавыя антэны сакрэтнай міжкантынентальнай лакатарнай станцыі гіганцкіх памэраў. А вакол бясконцыя лясы, дзе-нідзе бачныя пачарнелыя дахі нежылых вёсак, палі вакол іх параслі бярозкамі і хмызьнякамі, ператвараючы колішнія аграцэнозы ў каштоўныя лясныя прасторы, у тое, што было раней тут да прыхода чалавека. Ля самой вышкі растуць цудоўныя грыбы – гіганцкіх памэраў, патрэсканыя і пафарбаваныя ў невядомы колер, якія добра сьведчаць пра наяўнасьць высокага ўзроўню радыяцыі, ад якой кепска людзям, але крыху лягчэй іншым жывёлам. У суседняй вёсцы адпачывае сям’я ваўкоў з пяці зьвяроў. Іхнія сьляды патрапляюцца паўсюль, на ўзбочынах дарог, ці ганках старых дамоў. Усё тут жыве, і ўсе лясные жыхары быццам бы сябруюць паміж сабой. І нават часам прыходзяць папрасіць дапамогі ў тамтэйшых людзей-навукоўцаў.
- Мінулая зіма была сьнежнаю, - кажа Валер, - ды аднойчы рысь прыйшла да нас у сяло разам з двума сваімі кацянаткамі. Рэдка, калі ў іх нараджаецца двойня. Мы падгадоўвалі яе крыху. Поўна сьнегу, ежу знайсьці складана.
Хочацца верыць, што чалавечая памылка, якая абярнулася катастрофай для чалавека, будзе добрым урокам для ягоных нашчадкаў, урокам прымірэньня і сяброўства з прыродай. Але, на вялікі жаль, пакуль мы ня вельмі бачым тыя сустрэчныя крокі насустрач. Кожны год праводзіцца адстрэл ваўкоў у тым ліку і ў Чарнобыльскай зоне. Ваўкі тыя быццам бы нясуць пагрозу чалавеку, але за паўстагодзьдзя не вядома аніводнага выпадку сьмерці ад нападу драпежнікаў у Беларусі. Леснікі штогод рапартуюць аб павышэньні лесазагатоўкі, ад чаго ў першую чаргу пакутуюць стараўзроставыя лясы. Больш за тое, ня гледзячы на вялікі адсотак лясістасьці, старых лясоў засталося крытычна мала, а гэта дом для большасьці рэдкіх жывёлаў і раслін. Гэтак жа ўсё яшчэ папулярна вясновае паляваньне, калі людзі са зброяй руйнуюць птушыныя і зьвярыныя сем’і, гэтым зьнішчаюць патомства. Безкантрольнае рыбалоўства прывяло да таго, што буйныя рыбіны патрапляюць у трафей досыць рэдка, а арэнда вадаёмаў ніяк не вырашае праблему, а наадварот дае індульгенцыю на бесперашкодны прамысловы адлоў рыбы. Мы аддаляемся ад прыроды, а чарнобыльскі ўрок нас ні чаму не навучыў, таму будуць новыя ўрокі, ад нас залежыць наколькі страшнымі і складанымі яны будуць.

БУРАЦІНКА

Частка І
- Я выходжу з дому і пачынаю стрым свайго затрыманьня. Ужо некалькі дзён за мной соўкаецца ўжо даўно вядомы нам сіні бус, які час ад часу скрадвае людзей наўпрост на вуліцы. Сёньня з самага ранку пад маім пад’ездам стаяць ціхары – шуняўкі, як цяпер модна казаць. Дык вось, і яны, - малады і недасьведчаны блогер наводзіць камэру мабільнага тэлефона на двух асоб у спартовых касьцюмах і аднолькавых чорных шапках. Хлопцы хутка адварочваюцца, каб не сьвяціць свае твары й зьмяняюць маршрут свайго следваньня. А Зьміцер працягвае здымаць і аддаляецца ад дома. Усім целам адчуваецца, што зараз ён проста смачная нажыўка, якую ў наканаваны час схопіць вялікая драпежная махіна. Лёс хлопца на бліжэйшую будучыню намаляваны – кароткатэрміновая турма, драўляны ложак і сьціплае сонечнае сьвятло, якое прабіваецца праз маленькае падвальнае акенца, таму ў патаемнай кішэні паліто ўжо ляжыць зубная паста, шчотка і папер для прыбіральні, а самому хлопцу нічога не застаецца, як ці сядзець у хаце, пакуль ціхары не пачнуць узламваць дзьверы, ці йсьці на сустрач і здымаць сваё затрыманьне ў прамым этэры.
Мы жа, звычайныя гледачы, можам толькі назіраць на відэа шырокую вуліцу, шэрыя шматпавярховікі, мёртвыя зімовыя дрэвы і нешматлікіх мінакоў, сярод якіх разам са Зьмітром спрабуем выявіць шунявак. Але не пасьпяваем. Бліжэйшая маладая парачка з крыкам “Міліцыя!” накінулася на хлопца, заламала рукі. Стрым спыніўся, а жыцьцё Зьмітра пакацілася па коле – мікрааўтобус без нумароў, падлога, шчыльныя кайданкіі, гэтым разам не надуманы, як звычайна пратакол, хуткасны суд, дзесяць сутак, турма на вуліцы Леніна, блёклае сьвятло ад лямпачкі, чатыры драўляныя нары, запэцканы стары ўнітаз у куце і такі ж нязграбны рукамыйнік, насычанае цыгарэтным дымам паветра, два маладых хлопца і стары барадаты дзядуся, відаць, без пастаяннай прапіскі.
Зьміцер, хацеў было закінуць свой матрас на верхнюю паліцу, але нечакана заўважыў, што свабоднае месца засталося ўнізе. Дзіўна, але што тут дадаць. Новы затрыманы гучна прывітаўся з усімі і пацягнуўся паціскаць руку. Алесь, Аляксей, Анатоль.
- Хлопцы, цяпер што па алфабэту ў камэры кідаюць? Нейкая памылачка ў іх выйшла, бо я – Зьміцер.
- Ды ведаем мы. Дашкіеў?! Ну, ты прама герой апошніх навінаў, - прамовіў юнак з цёмнага кута камэры.
Зьміцер крыху засмуціўся, бо зусім не часта сустрэнеш людзей, якія ведаюць цябе, тым больш, ганарацца табою. Тое, што рабіў ён апошнім часам – звыклая для яго паўсядзённая справа, толькі мінавіта апошнія падзеі выліліся праз незалежных журналістаў у сродкі масавай інфармацыі і пайшлі ў народ.
- Дзякуй, прыемна, - сьціпла адказаў Зьміцер і ўсеўся на сваю нару.
У гэты час загрукаталі агромныя мэталёвыя дзьверы, і праз маленькую шчыліну ў іх пачалі падаваць вячэру – грэцкую салату, смажаную курку пад арэхава-соевым соусам з жоўтым ад каррі рассыпчатым рысам, розныя напоі на выбар і шакаладны батончык. Ды жартую я, як па-ранейшаму гэта была просавая каша размазаная па алюміневай талерцы ды паўкубка напаўсалодкай вадкасьці, якая зьнешне нагадвала армейскую гарбату “Слон”.
Антон з Аляксеем адразу ж ухапіліся за талеркі, а вось Алесь да ежы не дакрануўся. Зьміцер з пытальным позіркам паглядзеў на яго.
- Не зьвяртай увагі, у яго турэмная дыета – ад пачатку анічога не ясе, быццам цыгарэтным дымам харчуецца. Дый, і не курыць жа таксама. Аай, - з сумам прахрыпеў дзед Антон і ўсьміхнуўся усімі чатырма зубамі, што засталіся ад складанага магчыма бяздомнага, ці алкагольнага жыцьця.
- Чаму так? – быццам нешта разумеючы запытаў Зьміцер.
- Ды па тваёй справе сяджу я, па нашай агульнай справе. Праўда, не даехаў я да Курапат. Разгружаў з машыны дровы для вашай бочкі, і ў гэты момант ціхары зкруцілі. Цяпер я тут сяджу быццам бы за брыдкаслоўе і супраціў ворганам правапарадку. Пасьлязаўтра выходжу. Далі сем сутак, хаця мог і па крыміналцы пайсьці, бо трэснуў нармальна так аднаго ціхара па чорнай шапцы паленам. Судзьдзя гэты факт прапусьціла міма вушэй, і тое добра.
Зьміцер крыху прызадумаўся: “ Ці то сэксот перада мной гісторыі выдумвае, ці сапраўды свой?!” Алесяў твар быў яму не знаёмы, хоць падавалася ведаў усіх, прынамсі, са сьціплага лагеру абаронцаў Курапат.
У галаве закруціліся яскравыя падзеі апошніх тыдняў.
Курапаты – сакральнае месца для беларусаў. Тут, у лесе на ўскрайку Менска закапаныя ў зямлю дзясяткі тысячаў ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў. Апошнія хьвіліны жыцьця тут сустрэлі ад трыццаці да двухсот тысячаў нашых грамадзян – пісьменьнікаў, навукоўцаў, ці то проста заможных гаражан і сялян. Савецкая ўлада заўсёды прыхоўвала той факт, апраўдвала жорсткасьці камуністаў, ніяк не зьвяртала ўвагі на Курапаты ды сотні іншых месцаў, дзе палеглі ахвяры антылюдзкога камуністычнага строю. Замест гэтага прасоўваецца ідэя гістарычнай перамогі над фашызмам. Але калі глядзець фактам у твар, то й пад час гэтай вайны людзі йшлі на верную сьмерць, маючы адну трохлінейку на некалькі чалавек. Людзі аніколі не былі індывідуамі для камуністычнага строю, імі заўсёды можна было ахвяраваць, замяніць дэталі ў складаным механізме савецкага інтэрнацыяналу.
На жаль, савецка-камуністычны строй у краіне захаваўся. Як і раней, гісторыя Курапат замоўчваецца. На пачатку стагодзьдзя лес, дзе ляжаць ахвяры, прапаласавала менская кальцавая дарога. Сотні абаронцаў тады гэтаксама блакавалі працу дарожнікаў, месяцамі жылі ў намётах і дзеялі супраціў карным ворганам міліцыі – ня здолелі перамагчы, але змаглі папулярызаваць Курапаты, усталяваць там сотні крыжоў і стварыць народны мемарыял. А цяпер новыя выпрабаваньні. З ахоўваемай тэрыторыі пачалі выкрэсліваць па кавалачку зямлю і прадаваць яе градазабудоўнікам. Быццам бы ўсё ў парадку, хто будзе супраць гэтага маленькага кавалачку не абжытай зямлі, па якой праходзяць розныя камунікацыі. Ды ня толькі камунікацыі, тут праходзіла дарога, па якой вывозілі на чорных варанках годных людзей у свой апошні шлях. Зьміцер разам зь дзясяткам сваех паплечнікаў заблякаваў працу будаўнічай кампаніі, пачаў зьнішчаць будаўнічую агароджу і адгаворваць будаўнікоў браць на сабе грэх. На пачатку амаль аніхто ня верыў у перамогу, чакалі, што праз некалькі дзён іх разгоняць спецвойскі. Нехта й увогуле не разумеў сэнсу супрацьстаяньня.
Хлопцы мелі цяжкую ноч, але на раніцу гэтак жа ніхто ім актыўна не супрацьдзейнічаў. Хутчэй наадварот, бачылася вялікая падтрымка жыхароў з навакольных будынкаў, і гэтая падтрымка ўвесь час нарастала, і з кожным днём у шыхты абаронцаў прыходзіла ўсё больш і больш людзей. Запалала вогнішчам сталёвая бочка, вакол якой ладзіліся канцэрты зь вядомымі музыкамі, лекцыі і бясконцыя спрэчкі наконт будучыні нашай радзімы. Праз тыдзень супраціву замоўца будоўлі адмовіўся ад сваех плянаў і згарнуў будаўніцтва. Акцыя завершылася, і тут пачалося паляваньне на найбольш актыўных яе ўдзельнікаў. Мінімальныя штрафы і арышты, але ж усё ж такі сыстэма не можа не пакараць. Дасталося і самому арганізатару Зьмітру Дашкіеву. З аднаго боку амаль анічога не далі ў параўнаньні з папярэднімі арыштам і гадамі, праведзенымі за кратамі, але ж усё адно ўжо сумавалася без жонцы і блакітнавокіх кучаравых дзетак. Іх у Зьмітра ўжо двое, ды імкнецца жыць наш герой па Хрыстовых запаветах, зусім не саромячыся іх па ўсюль прапагандаваць, несьці сьвятло ў сьвет. Такіх людзей, чыстых у сваех поглядах, насамрэч вельмі мала на зямлі, і чамусьці мы іх ня цэнім так, як трэба было б.
Здаецца, прайшло ўжо хьвілін дзесяць, як Зьміцер замоўк, але ж каб разрадзіць атмасфэру, ён працягнуў:
- Бывае, брат, дзякуй, што імкнуўся дапамагчы. Прабач, што без салідарнасьці. Дзіўна, што мы не знаёмы, ці можа знаёмыя, ды я забыўся ўжо?
- Не, я не актыўны аматар палітычных гульняў апошніх гадоў. Проста невялікі прадпрымальнік зь Берасьця, які прыехаў па справах у сталіцу і вырашыў крыху дапамагчы, чым мог. Вось, сяджу цяпер і думаю, як разграбсьці ўсе запазыкі, што накопяцца за гэты тыдзень турмы.
- А колькі засталося сядзець?
- Пасьлязаўтра выходжу…
- О, то мы яшчэ пасьпеем паразмаўляць заўтра, - стомлены Зьміцер нацягнуў прапахлую турэмнымі пахамі коўдру і заплюшчыў вочы.
Але не спалося. Перад вачыма круціліся вобразы блізкіх людзей – дачкі, сына, жонкі, бацькі, што нядаўна пайшоў у сьвет нябёсаў, маці, а зь іншага боку даносіліся галасы быццам Вітаўта, ці то Міндоўга праз пласты стагодзьдзяў. Не, відавочна то быў голас Тадэвуша Рэйтана, а можа Касьцюшкаў?! Але ўсе яны сьпявалі адно: “Не здавайся, Зьміцер! Мы дамо табе свае сілы!” У карагодзе гэтых галасоў гучала і няпростае пытаньне ў адказ, што і як правільна рабіць, каб перамагчы гэтае савецкае ярмо?! Зьміцер разумеў, што ўжо шмат год ён крочыць па коле, спрабуючы аднавіць мінулую веліч сваёй арганізацыі. Усе высілкі аб’яднаць апазыцыю ў адзіны кулак былі дарэмныя. Кожны гуляе па сваіх правілах у сваю гульню, з кожным годам пагразаючы ў балоце, у якім патанула нашая айчынная палітыка. Ды й палітыкай назваць тое балота складана. Нашая апазыцыйная сіла апынулася апэндыксам у палітычнай харчовай сыстэме, без аніякага ўплыву на ўладу і аніякай вядомасьці ў народзе. Але ў той жа час кожны партыйны лідэр заяўляе пра сваю значнасьць на палітычным полі і саступаць нікому ні кроку ня хоча. Адчуваньне кішэннай апазыцыі – калі б улада кантралявала палітычныя рухі, яна б рабіла гэта менавіта такім чынам. У той жа час шэраг лідэраў апазыцыі засьвяцілася ў Курапатах, падтрымлівалі нас. Толькі пытаньне ў тым, яны не вядуць працэсы – яны прычапляюцца да гэтых працэсаў. Зараз грамадзтва азлобленае і зьбяднелае. Практычна нулявая падтрымка ўлады пасьля апошніх антынародных указаў, дарожнага збору, платы за выезд за мяжу і беспрацоўе, павышэньня пенсійнага ўзросту. Бяры і аб’ядноўвай людзей пад сваёй новай праграмай! Не. Аніхто не круціцца, у партыях засталося па два з паловай чалавекі і тыя маргіналы, зьбіраюць бясконцыя подпісы, якія ўжо зусім не цікавяць ні ўладу, ні народ, - зусім не трансфармуюцца пад зьмены грамадзства, застаюцца на перыферыі нулявых, друкуючы свае бюлетэні ў адным і тым жа фармаце ўжо два дзясяткі год. Чакаюць, калі ў адзіны цудоўны момант улада зьменіцца й яны зоймуць свае ганаровыя крэслы дэпутатаў і чыноўнікаў. Турбуе тое, што амаль кожны зь іх заяўляе вялізарныя амбіцыі, кожны жадае кіраваць, але мала хто жадае паглыбленна вучыцца, атрымліваць адукацыю. Для іх палітыка – гэта проста: табе – крэсла міністра сельскай гаспадаркі, ты будзеш узначальваць мінлясгас, ты пойдзеш сталічным мэрам, а за плячыма ад сілы толькі адна вышэйшая адукацыя, і тая не па тэме і без якой-небудзь практыкі. Так і нараджаецца карупцыя. Ды а я што, таксама ня моцна адукаваны. Ды я й не амбіцыйны, ёсьць багата навокал таленавітых людзей, якія гараць сваёй справай, але яны знаходзяцца на пераферыі, бо праз карупцыйныя схемы крэслы міністраў і чыноўнікаў займаюць сваякі і сябры тых абаяцеляў, што за грошы гатовыя прадаць усё, і не ў апошнюю чаргу радзіму, як вобразнае для ніх паняцьце. Вось, гэтыя пераферыйныя таленты, якія гатовыя за капейкі працаваць, бо ім сапраўды цікавая тая справа, якой яны займаюцца, і павінны будаваць новую, сапраўды незалежную Беларусь. Як жа іх аб’яднаць?! Відавочна фармат “Маладога Руху” ужо не падыходзіць.
Зьміцер па-ціху скотваўся ў сон, а блякла-жоўтая турэмная лямпачка працягвала гарэць усю ноч, заціраючы межы дню і ночы, ператвараючы жыцьцё ў блёклыя турэмныя будні.
Ранак пачынаецца з савецкага гімну ў шостай ранку. На сутках усё ні так строга, як па крыміналцы. Ты можаш спаць у дзень, ляжаць, чытаць кнігі, калі іх табе, канешне, перададуць. Таму Зьміцер з самага ранку чакаў якую-небудзь перадачу, каб заняць свае самотныя дні чытаньнем. На намертва прымацаваным стале ўжо было намалявана зубной пастай шахматнае поле, а побач ляжалі фішкі, зробленыя зь лішкаў чорнага хлеба.
Зь верхней палічцы скотваецца Алесь і зацягвае свой гімн:
- Радзіма, мая дарагая,
Ты ў шчасьці жаданым жыві!
- Я сэрцам табе прысягааю
У шчырай, сыноўняй любві, - далучаецца Зьміцер!
- На рэках шырокіх і ніівах, - зацягвае стары дзед Антон і ўсьміхаецца ва ўсе свае чатыры зубы. Дорыць сваю добрую ўсьмешку, а Зьміцер з Алесем недаўменна глядзяць на яго. – А што? У дзевяностыя гэтая песня была папулярная!
Усе зарагаталі. І хутка пачулі лупаніну вартаўніка ў сталёвыя дзьверы:
- Цішэй там, вар’яты! – а затым ужо зусім ціха, аддаляючыся -
Мы дружбы народам жадаем,
І шчырай братэрскай любві.
Радзіма, мая дарагаая,
Красуйся і ў шчасьці жыві!
Красуйся і ў шчасьці жыві!!!
Дзень пачынаецца насычана, Алесь са Зьмітром дайграюць чарговую партыю ў шашкі, Аляксей даследуе бетонныя сталактыты столі, а Антон дапальвае чарговую цыгарку зь нейкага моцнага, горкага тытуню. Цяжкія дзьверы заляпаталі, заскрыпелі. Прадказальна Зьмітру была перадача. Панюхаўшы яе, спрабуючы па паху вызначыць ад каго пасылка, ён пачаў даставаць зь яе рэчы - папер, сшыткі, аловак, дзьве кнігі, ніжняя бялізна, вада, нейкі ні па памеры швэдар, рознага гатунку арэхі, шакалад, цукеркі.
- Дзіўна, - ухмыляецца герой, - быў час, калі ежу ўвогуле забаранялі перадаваць. Пакідае прысмакі на стол, а сам разглядае кнігі. – Так, Сінькевіч “Крыжакі”, цудоўна, даўно жадаў прачытаць, але часу ўсё не хапала. А другая, хм, “Возера Радасьці” Марціновіча. Што жа, пачытаем.
Бярэ “Крыжакоў”, абапіраецца сьпіной аб калючую сьцяну і пачынае гартаць. Алесь жа падхоплівае “Возера радасьці” і запрыгвае на верхнія нары.
- Невялікая, як раз да заўтра дачытаю.
У камэры настала цішыня. Кнігалюбы патанулі ў кнігах, Аляксей узяўся за аловак і нешта крэмзае ў сшытку, а дзед Антось спрабуе разгрызьці зубамі смачны міндаль.
Недзе ў гадзіны тры хлопца зноў патурбавалі – усіх разам павыводзілі на шпацыр. Перад Зьмітром паўстаў ужо знаёмы бэтонны дворык мэтраў пяць на пяць, зь верху накрыты тоўстымі кратамі, праз якія цудоўна відаць якое на двары надвор’е.
- Сонечна, непрыемна губляць такія сонечныя дні ў турме.
- Згодны з табой, Алесь, але што ж зробіш?! Быць пакорным рабом і казаць, што я апаліцічаскі, мяне гэтае ўсё не касаецца. А потым раз – прымусовыя заняткі для дзетак, ці выбіцьцё з бацькоў аплаты за кампаслугі, калі ты працуеш настаўнікам. Датэрміновае галасаваньне і звальненьне з вучобы, калі цябе раптам застукалі на акцыі апазыцыі. Так і ўсё жыцьцё згубіш. Сотні тысячаў людзей зачыняюць вочы і робяць фальсіфікацыі на выбарах, нэрвуюцца і ўсё адно кажуць, што іх этанекасаецца. Калі ўсе так будуць казаць, то ўсе пагразнуць у сваех уласных праблемах, а эканоміка будзе і далей паміраць. Вусаты тыран, як ўласьціва любому чалавеку, не спыніцца заграбаць багацьце, якое безперашкодна валяецца ў бюджэце. Ён захоча пабудаваць чарговы палац сабе – калі ласка, знойдуцца грошы, бо нікога этанекасаецца. Алесь, разумееш гэта?! Канешне, ты разумееш, бо ўмееш думаць галавой. Проста хачу выгаварыцца. Распавядзі пра сябе, адкуль ты і як ты ўсё ж такі дайшоў да Акрэсьціна?
- Прабач, Зьміцер! Але сьцены маюць вушы. Я з радасьцю бы сустрэўся з табой пасьля вызваленьня. Дадам толькі, што я таксама бараніў Курапаты – тады, калі яшчэ будавалася кальцавая.
Зьміцер замоўк, аглядаючы Алеся, спрабуе яго пазнаць. Тая падзея была ўжо вельмі даўно, год пятнадцаць назад. Там таксама было багата людзей і супраціў цягнуўся некалькі месяцаў, але ўсе тады былі маладыя, як і сам Зьміцер. Тое змаганьне на жаль толькі закаліла хлапцоў, але Курапаты не выратавала – лес з магіламі прасекла дарога, і цяпер вось спрабуюць зьнішчыць парэшткі таго леса з боку горада. І людзі з кароткай памяцьцю будуць казаць: “Няхай будуюць, тут і так нічога не расьце”, і не спытаюць, чаму ў Курапатах да гэтага часу няма афіцыйнага мэмарыялу.
Сонца сёньня сапраўды па вясноваму прыпякала, зусім не хацелася вяртацца назад у кануру, але дзякуй Богу і за гэтыя паўгадзінкі сонца, чайку, што праляцела нізка над кратаванаю столяю, муркатаньне нечага ката і прыглушаны гул горада, які Алесь ужо хутка пабачыць.
І гэты момант незабарам настае. Залязгалі дзьверы, Алеся пытаюцца на выхад. Хлопец саскоквае са сваёй лёжкі, перадае Зьмітру кнігу.
- Ну, як яна?
- Так скажам, не пазытыўная. У нашай краіны і так усе колеры шэрыя, але ж што ж зробіш – справа аўтара выкладаць свае думкі, а нашая ўжо чытаць, або не чытаць, і, канешне, крытыкаваць.
- Гэта так, чаго-чаго, а крытыкаваць мы гаразд!
- Да сустрэчы, Зьміцер! Ня вешай носа тут, займіся спортам, а я пайду ўжо. Там, відаць, сонца.
Паўгадзіны праз доўгія карыдоры і жоўтыя кабінэты і вось, за табой зачыняецца апошнія сталёвыя дзьверы. Ты ўвесь прасычаны турэмным пахам, няголены і кудлаты, адчуваеш сябе ў скуры бамжа. “Што жа, і бамжом калісьці трэба пабыць, каб не заганарыцца,” – сказаў пра сябе Алесь і пайшоў абдымацца са сваемі сябрамі і любаю жонкаю, якія ўжо некалькі гадзін чакалі на вызваленьня пад сьценамі ленінскай турмы.
- Ну, што на Берасьце? – пытаецца пяшчотным голасам высокая мадэльнай зьнешнасьці шатэнка ў кароткім чырвоным паліто і чорнай кепкаю на галаве.
- Не, любая, трэба спачатку яшчэ адну справу зрабіць, паехалі ў горад. Вельмі рады цябе бачыць тут, родная, - заціскае у абдымках на некалькі хьвілін. Турэмны пах пачынае змагацца з салодкім жаночым парфумам.
Кампанія запрыгнула ў сваю белую Шэврале Экспрэс і пакацілася па горадзе ў цэнтар. Заскочылі ў букініст. Алесь выбраў пару старых беларускіх кніжак, хутка прабегся па крамах і набыў розных прысмакаў, вярнуліся да сьценаў турмы.
- Перадачу перадаць можна? – пытаецца ў ахоўніка Алесь, - вось яму – Антон Мікалаевіч, камэра трыццаць трэцяя.
У дзень можна атрымаць толькі адну перадачу, а Зьмітру хутчэй за ўсяго знойдзецца жадаючыя перадаць што-небудзь кожны дзень, таму Алесь вырашыў зхітрыць, каб хлопцы ў камэры ня моцна сумавалі, ды й адзінокі дзед Антось будзе прыемна зьдзіўлены і чарговы раз усьміхнецца. Тым больш яго чакаюць цыгарэты – будзе чадзіць.
Місія выканана, цяпер можна і на Берасьце выпраўляцца.
…працяг будзе…

ЗЯМЛЯ ТУРАВА. БАЛОНЬНЕ

#птушківучаць #Бакур
Сонца дагарае. Шырокая і ўся ў сонечным золаце рака акупавана хмарамі камароў. Барвовае полымя небасхіла адлюстроўваецца ад бліскучай дахоўкі мясцовага храма. Я зноў у Тураве! Колькі ўсяго схавана ў гэтым простым сказе. Тураў – гэта не проста маленькі палескі гарадок. Тураў – гэта асяродзьдзе, атмасфэра, якую ня знойдзеш больш нідзе. Ён прасякнуты тысячагадовай годнасьцю, духоўнасьцю і асаблівасьцю, якую ты, на жаль, ня знойдзеш у мясцовай архітэктуры, ці сярод ягоных жыхароў. Ня знойдзеш, нават калі будзеш пільна шукаць. Проста настане момант, і ты адчуеш, што тут цёпла і кранальна прыемна, як гістарычныя пласты наўпрост напаўняюць цябе, а адчуваньне спакою і еднасьці з прыродай назаўсёды прывяжа да гэтага месца. Табе захочацца вяртацца сюды ізноў і ізноў, каб насыціцца не зразумелай пазытыўнай энэргіяй, якая бярэцца быццам бы ніадкуль, але надае твайму ўнутранаму сьвету гармонію.
І вось я зноўку еду сюды. Мінаючы жыткавіцкія калдобіны, адчыняю фортку, уцягваю на поўныя грудзі чыстае і вільготнае палескае паветра і збаўляю хуткасьць. Перада мной шматкілямэтровы мост над Прыпяцьцю, пойма якой, як і раней блішчыць шырокімі азёрамі паміж прыемнай купчатай зеляніны. Машына ціха ўздымаецца ўгару, адсюль ужо бачна, як лясы і хмызьняк саступаюць шырокім прасторам прыпяцкай вады. Не апісаць тое пачуцьцё, калі ты бачыш раку з гэтага месца ўпершыню! Наперадзе доўгі-доўгі мост, а паабапал яго паўсюль вада.
На даляглядзе зіхацяць новыя цэхі сыраробчага завода, за якім узвышаецца і сам Тураў. Я зварочваю на першым перакрыжаваньні і праз які кілямэтар ямак і выбаінаў нарэшце дабіраюся да легендарнай хаткі Пінчукоў, якая напэўна бачыла максымальную колькасьць добрых людзей у сваех сьценах. Павал і Наталя Пінчукі – знакамітыя кальцавальнікі птушак. Ужо шмат год яны прыяжджаюць у гэты домік, каб правесьці тут увесь палявы сэзон з красавіка па кастрычнік. Гэты маленькі драўляны домік – беларуская станцыя кальцаваньня. У ваколіцах яго акальцавана найбольшая колькасьць птушак у Беларусі.
Адчыняю калітку, адначасова па зарослай вадзяной расьліннасьцю старой затоцы паўзе лодка-байдарка з Паўлам і яго памагатымі, а іх сюды прыяжджае шмат і часта, бо многія прагнуць адпачыць тут, а тыя, хто пабываў, яшчэ болей жадаюць сюды вярнуцца. Некаторыя зь іх ужо ня могуць жыць бяз птушак Турава, а некаторыя без славутай ракі. Каманда вярнулася з чарговай праверкі адмысловых лавушак. У маленькіх мяшочках боўтаюцца пару дзясяткаў птушак. Адразу на верандзе месьціцца стары столік, а сьцены абвешаны рознымі навуковымі ды ня толькі прыладамі. Паўсюль за табой назіраюць птушкі з рознакаляровых фатаздымкаў ды малюнкаў. Хутка толькі што адлоўленыя птушкі будуць перамераныя, узважаныя і акальцаваныя, а потым зноў паляцяць лавіць жукоў ды камароў у пойму ракі. Кальцаваньне – цікавы і просты спосаб вывучэньня пярнатага царства. На птушку вешаецца металічнае кальцо з індывідуальным нумарам, адрасам цэнтра кальцаваньня. Калі хто знойдзе птушку з кальцом, інфармацыю, што знаходзіцца на ім, можна пераслаць у мясцовы цэнтр кальцаваньня, а ён ёсьць у кожнай краіне, ці адразу па адрэсе, якая месьціцца на кальцы. Пазьней навукоўцы ўжо вызначаць калі і дзе была акальцавана птушка. Дзякуючы кальцаваньню можна даследваць працягласьць жыцьця птушкі, маршруты міграцыі, месцы зімоўкі, рэгулярнасьць вяртаньня ў тыя ж мясьціны на гнездаваньне. Раней гэта быў адзіны эфэктыўны спосаб збору такой інфармацыі. Зараз жа, дзякуючы тэхналягічна-інфармацыйнай рэвалюцыі, ствараюць новыя і новыя перадатчыкі – спадарожнікавыя, мабільныя, пазыцыянаваньня, геалакатары – усе яны дапамагаюць зрабіць новыя адкрыцьці, але ж кальцаваньне ўсё яшчэ застаецца самым танным і самым распаўсюджаным мэтадам даследваньня міграцый і ўзроста птушак.

Прыпяць ахінае гарадок у пары сотнях крокаў адсюль. Усю веліч ракі можна адчуць на невялічкім узгорку недалёка ад хаткі кальцавальнікаў. З аднаго боку затока, зь іншага пратока злучаюцца з асноўным руслам, дзе вада бурліць і афармляе плынь з мноства накірункаў у адзіны. Вецер спрабуе паспрачацца з токам вады, дзьме ў адваротны бок, але ж марна – раней, ці пазьней вада дойдзе да Чорнага мора, каб потым зноў вярнуцца сюды. Цыклічнасьць прыроды, цыклічнасьць жыцьця, цыклічнасьць часу – усё гэта паўстае адзіным малюнкам, калі ты ўглядаешся ў цёмную магутную ваду, у якой дзе-нідзе паказваюць свае плаўнікі вялікія шчупакі.
Прыпяць – адно з нешматлікіх месцаў, дзе я марыў бы жыць, бо чароўная рака супакойвае твае думкі, якія б праблемы не варушылі тваё цела. На беразе яе, сярод крыклівых птушак і бязконцай вады ты адчуваеш сувязь паміж сучаснасьцю і мінуўшчынай. Гэтая сувязь настолькі моцная, што ня ведаючы гісторыі падсьвядома адчуваеш існаваньне вялікага княства на гэтым месцы, бо Тураўскае княства і ёсьць адно з самых старажытных на нашай зямлі.
Але вернемся да маленькай хаткі арнітолягаў. Гэта ня проста хатка, а цэнтр па даследваньню аднаго з сымбаляў хараства прыроды, яскрава праявіўшай сябе тут, на ўскрайку Турава. Тураўскі луг, тураўскі поплаў, тураўскае балоньне – так называюць мясцовыя паплавы ў навакольлі, якія заліваюцца вясновай паводкай, і пасля сыходу вады тут пасьвяцца мясцовыя каровы ды коні. Тут жа знайшлі свой дом мноства розных кулікоў, нават тыя, што звычайна гняздуюцца за тысячу кілямэтраў на поўнач. Баталёны ў сваех рознакаляровых абраньнях весела гоўсаюць адзін за другім ля самай вады, хвастаючыся перад сьціплымі самкамі сваімі прыгожымі кафтанчыкамі. Кожны самец мае сваё асабістае апярэньне і чым больш яскравае яно, тым больш верагоднасьць спакусіць якую самку на яйкі. А вакол вялікія і малыя зуйкі, цякуны, крыўкі і случкі разам з незлічонымі крычкамі і рыбачкамі размалявалі жывымі фарбамі і да таго багатую карціну Прыпяці. Недзе тут знайшлі сталае месца жыхарства нават марадункі – вясёлыя паўночныя птушкі з загнутымі дагары дзюбамі. Гэта амаль адзінае месца ў Беларусі, дзе яны гадуюць птушанят. Такі факт арнітолягі і мясцовыя жыхары не пакінулі без увагі. Зараз на цэнтральнай плошчы стаіць маленькі помнік, дзе на бронзавай галінцы ўселіся дзьве марадункі. Яны амаль не заўважна схаваліся ў клюмбе на цэнтральнай плошчы, а з вокнаў будынкаў, якія атачаюць тую плошчу, за марадункамі назіраюць іншыя жыхары Тураўскага балоньня з разнастайных маляўнічых плакатаў. На відным месцы месцяцца і інфармацыйныя стэнды, якія даюць магчымасьць першага знаёмства з хараством і асаблівасьцямі мясцовай прыроды. Тут жа, на іншым беразе затоцы і сам знакаміты поплаў, дастаткова перайсьці драўляны мосьцік.
Балоньне праз сваю ўнікальнасьць ня так даўно ператварыўся ў заказьнік. Да таго ж, асноўную тэрыторыю, дзе гняздуюцца птушкі, арэндавала “Ахова птушак Бацькаўшчыны” – грамадзская арганізацыя. Арэндавала, каб гарантавана захаваць балоньне. Кожны год розныя валянтэры прыяжджаюць сюды ня толькі, каб паглядзець і пакальцаваць птушак, але і вырашаць іншыя пытаньні па захаваньні заказьніка. А праблемаў, як і паўсюль тут багата. Так як Тураўскае балоньне знаходзіцца на мяжы гарадка, мясцовыя жыхары тут часта робяць пікнікі – варта абустроіць месцы для пікнікоў, бо забараняць ім гэта рабіць неяк абразліва. Некаторыя з такіх адпачываючых усё яшчэ не навучыліся прыбіраць за сабой, што час ад часу робяць валантэры, каб птушкі гнездаваліся на чыстых зялёных кочках, а не сярод чалавечага сьмецьця. Як і паўсюль мясцовыя жыхары ўсё меньш і меньш трымаюць хатніх жывёлаў. Каровы, коні, козы пасьвяцца на заліўных паплавах, не даючы хмызьнякам і трысьнягам распаўсюдзіцца наўкол. Але праз тое, што менее каровак, более хмызьняка, які кожны год таксама мусяць падчышчаць Пінчук і яго каманда. Хоць гарадзкая адміністрацыя йдзе на сустрач птушкам, не заўсёды можна знайсьці паразуменьне. І ў адміністратыўных пытаньнях часам прыходзіцца адстойваць сваю думку, спрачацца і тлумачыць неабходнасьць прыняцьця тык, ці іншых рашэньняў. Так, напрыклад, мясцовае кіраўніцтва вырашыла спраміць і пашырыць русла пратокі ракі, каб мясцовы параход мог хутчэй дабрацца да прычалу. Такое спрамленьне пагражае хуткаму высыханьню поймавых паплавоў, што з цягам часу адаб’ецца і на колькасьці гняздуючых птушак. Кожнае пытаньне вырашальна, калі знаходзіць аргумэнты і кампрамісы. Шмат пытаньняў паўстае, і наперадзе шмат працы, якая тут спыняецца толькі на зімовы перыяд.
Тым часам арнітолагі пашыраюць сваю прысутнасьць у мястэчку. У дадатак да ўжо знаёмага доміку, “Ахова птушак” таксама набыла вялікую драўляную хату непадалёк, зь якой зрабіла экалягічны цэнтар. Сюды прыяжджае моладзь з усёй краіны, а таксама з замежжа, каб разам пабавіць час, здабыць зялёнае знаёмства і дапамагчы птушкам. Домік таксама гатовы прытуліць любога сябра арганізацыі і навукоўца, якія апынуліся воляй лёсу на багатай тураўскай зямлі. А такіх жадаючых шмат, бо ў ваколіцах месьціцца шмат ахоўваемых і вельмі багатых куткоў - Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, заказьнікі “Альманскія балоты”, “Сярэдняя Прыпяць”, “Вусьце Лані”, рыбгас “Белае”, ды мноства іншых, меньшых па памерах, але ня меньш значных для захаваньня прыроднай спадчыны, якія патрабуюць пастаяннага нагляду з боку навукоўцаў.

РУЖОВЫ ПЕЛІКАН

#птушківучаць #Бакур
Буйная птушка, цяжкая на пад’ём, з вялізарнай дзюбай, у якую набівае дзясяткі кіляграмаў рыбы. Пелікан – птушка з дзіцячых казак і перадачаў пра прыроду. Яна, як і ўсе без выключэньня - птушка далікатная, вельмі прыгожая і ўнікальная.
Аднойчы мы ўбачылі пелікана зусім побач. Гэта было не вялізарнае возера, дзе яны сотнямі сядзяць недалёка ад берагавой лініі, ці ганяюцца за касякамі дробнай рыбы, нават не заапарк, а тыповая бясконцая пустэча. У бліжэйшых мясьцінах тут ёсьць толькі два возеры, адкуль гэтая птушка магла прыляцець. Да аднаго каля сотні кілямэтраў, да другога больш чым сто пяцьдзесяць. Стомлены ад доўгага пералёту пелікан адпачываў пасярод пяскоў і палыну. Мы пад’ехалі зусім блізка, каб зрабіць некалькі здымкаў. Пелікан неакуратным кульгавым крокам медленна панёс сваё цела прэч ад нас. Ён не адлятаў, а толькі зрэдку ўздымаў крылы, каб надаць хуткасьці свайму нязграбнаму ходу. Здымкі атрымаліся ня вельмі. Сонца ўжо заходзіла, і сьвятла яўна бракавала. Адклаўшы фатаздымачы мы з сябрам проста ўмілажальваліся грацыяй і прыгажосьцю птушкі, ягонай нявіннасьцю і бялізной. Ружовы пелікан - ён зусім побач! Дзіцячая мара загарэлася недзе зоркай у ясным начным небе.
Толькі пасьля фатасэту закралася думка, а што адчувае ён, седзячы напэўна доўгі час адзін сярод пустэчы. Яму наканавана памерці у адзіноцтве сярод чырвоных пяскоў? Але ж мы можам дапамагчы: знайсьці мех, адлавіць, пакласьці ў машыну, завезьці ў вёску, а назаўтра адвезьці на возера, дзе яму будзе радасьці і раздольле. Зрабіць так не складана, толькі ўзяць і зрабіць. Мы ўжо ведаем, што гэтую ружова-белую птушку сустракаюць у тутэйшых ваколіцах ужо больш за тыдзень. Дзяўчына, што працуе з намі, нават аднойчы прывезла ягонае пяро. Дзяўчына таксама засталася пад вялікім ўраджаньнем ад сустрэчы з птушкай. А ён-небарака больш за тыдзень бяз ежы і вады. Быць можа ён харчуецца незьлічонымі ў гэтай мясцовасьці пясчанкамі, ці можа насякомымі, а ваду ходзіць піць да бліжэйшай крыніцы ў двух мілях адсюль? Хочацца суцешыць душу, бо напружвацца, каб нешта зрабіць для выратаваньня птушкі пад канец рабочага дня зусім ня хочацца. Такое пачуцьцё ляноты – тыповая рыса кожнага чалавека. Хто яе перамагае, робіцца велічным, а хто імкнецца і ўвесь час змагаецца зь лянотай, атрымлівае шанец, а хто нічога не спрабуе, застаецца тым тыповым чалавекам, які пад канец свайго жыцьця страчвае і мары, і веды, і само жаданьне жыць. Вось і зараз у думках доўга аналізуеш, перажываеш, але справа да дапамогі так і не даходзіць.
Але дастаткова ўявіць, як гэта было б, калі б мы ўсё ж такі выратавалі пелікана. Можна адчуць найлепшыя хьвіліны радасьці: вось ты трымаеш аграменную дзюбу, каб раптам птушка не пашкодзіла цябе, казатаеш пад вушкам – птушкам гэта да спадобы; вось дастаеш вялізарную птушку з машыны і нясеш да вады; ружовы пелікан хуткім, але тым жа нязграбным крокам зьбягае ў вадаём і хутка шлёпае па вадзе сваімі кароткімі лапамі і размахваючы крыламі ўбягае на сотню мэтраў у возера, пачынае чысьціць пер’е, ныраць і радавацца свабодзе, быццам бы дзяцё. Вось яно птушынае шчасьце! Вось яна радасьць для ратавальнікаў. Мне даводзілася ўжо адчуваць падобнае, калі ўзімку адпускалі на свабоду ў незамярзаючы вадаём маладога самотнага лебедзя, які па незразумелых прычынах вырашыў застацца зімаваць побач з засьнежанай вёскай. Тады адзін вясковец на час прытуліў птушку, але ўсю зіму трымаць яе было б цяжка, таму пачаў абтэлефоньваць арганізацыі, якія маглі б выратаваць яе. Мы з сябрамі як раз апынуліся па дарозе, заехалі да гаспадара, забралі птушку, а потым выпусьцілі на сажалку ачышчальных забудоў, дзе гэтаксама засталіся зімаваць колькі дзясяткаў лебядзёў. Сьвяціла сонейка, і сьвятло ад яго іскрылася ў вадзе, якую закідваў шыяй на сваё цела новы жыхар гэтага зімовага вадаёма. Птушка пляскалася, быццам малое дзіцё ў тазіку, шчасьце яго наўпрост перапаўняла, і нашае шчасьце таксама было на вышыні.
Усё гэта можна было б адчуць, каб толькі хапіла сьмеласьці ўзяцца за гэтую цяжкаватую працу ратаваньня. А пакуль мы думаем, што гэта не магчыма, што нам трэба працаваць і мы ня можам узяць з сабой такую вялікую птушку, такія суворыя законы прыроды. Паступова аддаляемся, пакідаючы ў сваіх здымачах толькі сьціплую памяць аб сустрэчы. У праменях зьнікаючага на вачах сонца ўсё меньшай і меньшай робіцца бялюткая кропка вялікай і грацыёзнай птушкі з дзіцячых казак і перадач аб прыродзе.
У будучыні час ад часу мы бачылі яшчэ чароды ружовых пеліканаў па чатыры-пяць асобін, якія спыняліся ў гэтых жа мясьцінах, каб крыху адпачыць ад доўгага пералёту. У адной з гэтых птушак адсутнічала махавае пяро на крыле. Быць можа тое, што знайшла нашая знаёмая? Быць можа ў пеліканаў такая асабліваць адпачываць пасярод пустэчы падчас доўгіх пералётаў? Хочацца верыць, што гэта была тая нашая адзінокая птушка, што дачакалася сваіх сяброў, каб потым разам працягнуць пералёт кудысьці далей, па толькі ім вядомым маршруце.

ГЕРОІ НЕ ПАМІРАЮЦЬ

#казкі #Бакур

Даўно гэта было. Калі птушкі розныя ляталі каляровымі хмарамі над разьлівамі рэк ды азёрамі, а ў балотах жылі лясуны ды русалкі. Даўно і далёка. Там, дзе сонца позна ўвечары скотваецца за горку, а ў раніцы прачынаецца – недзе пасярэдзіне, з таго краю зямлі. У маляўнічым месцы пасярод шырокай даліны, што правалілася паміж дзьвух гор месьціўся невялічкі, але вельмі прывабны гарадок. Шчыльна зьлепленыя адзін да аднаго казачныя гліняныя ды каменныя домікі, дворыкі з рознымі дрэвамі, якія даюць вельмі смачныя плады, і добрыя да бясконцасьці людзі, што дарылі адзін аднаму кожны дзень падарункі і ўсьмешкі. Жылі, карацей, усе як адзіная сям’я – і людзі, і зьверы, і птушкі, нават кьветкі і тыя любаваліся адна адной.
Добра, лагодна ды неяк нязвыкла казачна было ў гэтым месцы. Пакуль не завітаў да іх стары ды амаль сьляпы падарожнік, на такой жа старой, як і ён, кабыле, зь мехам падгнілаватых яблык на храбцы. Людзі ўбачылі стомленага старца яшчэ здалёк. Сустрэлі, прывязалі ды напаілі каня, а самога спадарожніка зацягнулі ў вялікі гасьцявы пакой, дзе смачна накармілі, ды паклалі на мякькія пярыны. Ляжаў старык, якому ўсяго толькі днямі стукнула дваццаць чатыры гады і насьвістваў нейкую сумную мелодыю. Ён увесь час маўчаў, замоўклі і птушкі на двары. Ён быў адным з тых, што засяваў палі палыном, надсылаў засуху ды страшныя войны ў мірныя паселішчы. Ён ужо дзесяць год не ўсьміхаўся, ад чаго моцна і незваротна пастарэў. Старык зусім ня быў злы, але нёс зло, бо быў закалдаваны колькі год таму. Тады ён зьбіраў журавіна на балоце, і яго ледзь не засасала ў багне. У той самы момант, калі галава ўжо зьнікала пад цёмнай вадой, і праз неймаверныя высілкі выцягваў чарговы глыток паветра, побач прабягаў рагаты ды касматы чорт. Ён та і выцягнуў сваім хлыстом небараку з багны, канешне, не проста так. Чорт наўзамен узяў сабе свабоду добрага і яшчэ наіўнага хлапчука.
Цяпер гэта не хлапчук, а старца, ляжыць сабе на мяккай перыне і насьвіствае песьню, якую ўжо аніколі напэўна не ўзгадае. Ляжыць і не аб чым ня думае. Вось толькі чорт праз ягоныя вочы назірае за добрымі людзьмі і казатае сабе рогі, думаючы, як бы зруйнаваць пакой у гэтым горадзе.
На раніцу старык сеў на каня і медленна пакрочыў далей уздоўж горнай ручаіны насустрач ружавеючаму сонцу, не апракінуўшы ні адзінага слова. Людзі падумалі, якіх дзівакоў у сьвеце не бывае, ды праз дзённыя турботы хутка забыліся на сьціплага госьця.
Толькі вось нешта пачало зьменьвацца ў вёсцы. Некаторыя людзі адасобіліся, перасталі апрацоўваць агароды і нават горш – пачалі красьці розныя рэчы ў суседзяў. Такіх людзей з кожным месяцам рабілася ўсё болей і болей, і жыхары доўга ламалі галаву, чаму пачалася чорная паласа. Праз цемру здагадак і варыянтаў высьвятлілася, што ўсе, хто зрабіўся злы і нераўнаважаны ўзыходзіў на гару Курай. У той жа час, тыя, хто хадзіў на гару Ардат, што месьцілася насупраць, наадварот адчувалі сьвежы прыток сілаў і пазытыву. Тады абазвалі мудрыя старцы гару, што нясе зло Чорнай, а другую гару Белай ды надыслалі ўсім жыхарам навакольля наказ не хадзіць да Чорнай гары. Самі ж добрыя людзі мусілі агарадзіцца ад розных злачынстваў і бязладзьдзя высокай каменнай агароджай. Так падзяліўся горад на дзьве часткі – тая, што за плотам кьвітнела і кіпела жыцьцём, іншая паступова сыходзіла ў распусту і бядноту.
Час імкліва зьменьваўся. Усё часьцей і часьцей пачалі наведваць горад транзітныя падарожнікі, чый далейшы шлях пралягаў праз Чорную гару – менавіта па той дарозе пайшоў той дзед з храмаватай кабылай. Людзьмі апанавала злая хвароба зайздрасьці, нахабнасьці і злосьці. Ды распаўсюдзілася гэтая хвароба далёка-далёка, аж да нашага з вамі княства балот і лясоў. Здавалася, анічога ўжо нельга зьмяніць, толькі спрабаваць ужыцца і дараваць зьнявагі і скрадзеныя ўраджаі.
Мудрыя старцы сядзелі за сваёй вялікай агароджай і доўга думалі, як зрабіць так, каб раз і назаўсёды зьнішчыць зло. Варта было б закласьці шлях угару каменьнем, каб ніхто больш не спакушаўся туды ісьці, але ж усе спробы зрабіць гэта скончваліся сумна. Людзі, што дзяўблі каменьне хутка зыходзілі ў сябе ды гублялі розум, а іншыя наўпрост адмаўляліся нават набліжацца да гары.
Тым часам у сям’і сьціплых настаўнікаў падрастаў асілак-сын Алесь – высокі, моцны, а, галоўнае, таленавіты. Хлапчук кожны дзень бегаў на Белую гару, дзе чарпаў сілаў і духоўнай раўнавагі. Аднойчы на вяршыні гары, пад час ранішняй медытацыі да яго прыйшоў прывід вялікай стальной птушкі, якая выпускае вогненныя пары і руйнуе Чорную гору. Алесь вярнуўся дадому, зачыніўся ў сваім пакоі і некалькі дзён не паказваўся на людзях. Ён доўга думаў, як зрабіць тую птушку, маляваў розныя малюнкі ды чытаў старыя кнігі. Нарэшце раніцай аднаго дня Алесь выйшаў на вуліцу і ізноў пабег угору. Вярнуўшыся дадому, ён сабраў сваіх самых надзейных сяброў і блізкіх на тайную вячэру. Колькі яны там сядзелі, ніхто ўжо не памятае, але з надзеяй у вачах наступным днём усе яны пайшлі да Белай гары разам з асілкам, несучы з сабой розныя дэталі і інструмант. Доўга яны калацілі, выпілоўвалі ды застругоўвалі, пакуль на вяршыні гары Ардат не заблішчэў сонечны човен з вялікімі-вялікімі крыламі. Пакуль хлопцы дружна будавалі першы ў сьвеце самалёт, Алесь шукаў на гары вогнены чырвоны пясок, пра які вычытаў у запісках аднаго мудраца. Зрэшты-рэшт знайшоў, накапаў шмат мяхоў, зьмяшаў пясок зь нейкімі сакрэтнымі растворамі і загрузіў у вялікую птушку.
Прыйшоў час ляцець. Магутны Алесь усеўся ў лятак, а ўсе астатнія жыхары разагналі самалёт з гары. Узнялася птушка, пакружыла крыху і паляцела ў бок Чорнай гары, бліскаючы на сонцы меднымі крыламі. Пралятаючы над горнай дарогай, Алесь выдзярнуў затворку, ды пасыпаліся ўніз мяхі з вогненым пяском. Задрыжэла зямля ад выбухаў. Каменьні ляцелі адусюль і хутка засыпалі адзіны шлях праз гару. Шум і грохат падаючых каменьняў абудзіў злога чорта, які спаў на той самы гары, ды, відаць, усё праспаў, бо зьдзівіўся беспарадку на ягонай тэрыторыі, ды не зразумеў адкуль такая агромная птушка ўзялася, што плюецца полымем.
Раззлаваўся чорт ды наслаў моцную непагадзь. Засьвісьцеў вецер, затарабаніў вялікі град, схавалася ў цемры ўся гара. Алесь доўга змагаўся з моцным ветрам, спрабуючы ўтрымаць магутную птушку ў палёце. Але марна, вецер быў такой сілы, што адарваў адно крыло ад самалёта, ды паляцеў герой у крутое піке.
Добрыя людзі былі поўныя смутку ўсё лета. Ня стала мужнага хлопца. Знайшлі яго парэшткі разам з часткамі жалезнай птушкі за далёкім ручаём. Пахавалі на самай цэнтральнай плошчы, а на магілцы напісалі “Героі не паміраюць. Годная сьмерць вартая за марна пражытае жыцьцё”. У жальбе і смутку не адразу ўбачылі зьмены па той бок агароджы. Там людзі пачалі прыбіраць вуліцы, перасталі зайздросьціць, а многія займелі гаспадарку. Людзі перасталі хадзіць да Чорнай гары, а потым і ўвогуле збудавалі вакол яе доўгі плот, каб ніхто туды не хадзіў. А агароджу, што падзяляла горад хутка зруйнавалі, бо больш яна не была патрэбная.
Вось толькі злы чорт сядзеў на той гары чырвоны ад злосьці, усё новыя злыя планы выношваў. Але на кожны ягоны план знойдуцца новыя героі, пасьлядоўнікі асілка Алеся, якія ахвяруючы сабой будуць бараніць дабро, каб у садах кьвітнелі кьветкі ды сьпявалі птушкі, а на тварах у людзей жылі шчырыя прыгожыя ўсьмешкі. =)
#птушківучаць #Бакур
Барадатая кугакаўка – адна з буйнейшых і таямнічых соў Беларусі. Што яна робіць у нас, пакуль ня вельмі зразумела, бо гняздуецца гэты сібірскі від у Заходняй Беларусі далёка ад асноўнага арэалу. Відаць таму, што раней нашы пушчанска-альманскія лясы былі часткай адзінага масыва, які прасьціраўся шырокім покрывам праз усю Эўропу і Расею да самой Камчаткі. Потым парубілі, пакалолі лясы на дровы, пабудавалі гіганцкія мурашнікі-гарады, але барадатая сава засталася жыць там, дзе яшчэ можна ёй дыхаць. На пачатку нулявых арнітолягі ацэньвалі колькасьць барадаткі (так яе паміж сабой называюць аматары птушак) усяго ў 50 пар. Гэты факт прыцягнуў увагу многіх да савы. Больш грунтоўныя даследваньні паказалі, што, на шчасьце, барадатай кугакаўкі болей, чым афіцыйная статыстыка. Яна прысутнічае ў лясной паласе, пачынаючы ад Альманскіх балот, праз ганцавіцкія лясы, Выганашчанскі масыў, закранае Белавежскую Пушчу, і крыху заходіць у глыб Польшчы. Гэта жаданая птушка для многіх эўрапейскіх бёрдэраў, і яна амаль заўсёды ўключаецца ў маршрут птушынага тура.
Барадатая кугакаўка - бадай адзіная з нашых птушак, хто не баіцца чалавека. Ці то яна ўпэўнена ў сваех памерах, ці то ў моцы капцюроў, але пры падыходзе да яе, сава будзе працягваць сядзець на невысокім дрэўцы, выглядваючы здабычу і коса ацэньваючы незнаёмца. Такая акалічнасьць прыпыніла жыцьцё многіх барадатак, якія апынуліся ў прыватных калекцыях аматараў распраўленых трупаў. Нават высокі ахоўны статус не гасіць імкненьня бракан’ераў пажывіцца зь лёгкай здабычы. Але бракан’ераў у нас ня так шмат, таму барадатка яшчэ можа радаваць нас сваем ціхім вечаровым баўбатаньнем. Спакойна ставіцца барадатая сава і да чалавека, які падышоў амаль да самага гнязда. Нават праблематычна прамерыць кладку арнітолягам, якія вывучаюць гэты від. Самку, якая насіджвае яйкі, складана зварушыць з гнязда.
А вось калі ў гняздзе птушаняты, барадатка ня толькі не адлятае, а робіцца куды больш агрэсіўнай. Вострыя кіпцюры глыбока ўпіваюцца ў сьпіну і шыю парушальніка спакою. А моцны ўдар дзюбай па галаве прымусіць сто разоў падумаць перш, чым рабіць глупыя ўчынкі наступным разам. Птушка ўважліва назірае з суседняй галінкі, выбраўшы момант і прыгнуўшы галаву яна хутка ляціць да няпрошанага госьця і наносіць балючыя атакі, паўтараючы іх, пакуль парушальнік не адумаецца і ня спусьціцца на зямлю. Усе арнітолягі-кальцавальнікі, хто хацеў акальцаваць птушанят гэтай савы, атрымалі ад яе “дзюбай па рагах”. Правераныя ўжо горкім вопытам, яны апранаюць цэлую хакейную экіпіроўку, каб зрабіць свае навуковыя вычварэнствы.
Рэдкая, моцная і спакойная барадатая кугакаўка заахвоціла маех сяброў дапамагаць совам і вывучаць іх. Адныя начныя ўлікі соў – мерапрыемства таямнічае і загадкавае – вартае таго, каб аднойчы апынуцца побач з прафэсійным птушказнаўцам. Ты крочыш па ціхім начным лесе, праз гушчар хвоі прабіваецца бляклае сьвятло начной лямпачкі-поўні, робіш прыпынкі кожную пару сотняў крокаў і ўключаеш прайгравальнік з савіным голасам. З калонкі раздаюцца разнастайныя крыклівыя галасы. Спачатку прайграеш меньшых па памерах соў-сычыкаў, потым пераходзіш на кугакавак, а ў канцы пускаеш голас пугача. І ад ягонага гучнага “Бууу” лес робіцца ціхім-ціхім, як быццам у ім і няма нікога. Самому робіцца страшна ад гэтага “Бууу”. Пасьля кожнай пракруткі робіш паўзу і ўслыхоўваешся ў начны лес. Вось, недзе зусім побач ажыло, забулькатала і прарэзьліва крыкнула. Яшчэ раз. Сава зусім побач. Уключаем яшчэ раз голас, і ўжо сава над самымі галовамі кружыць, разьбіраецца, хто пасьмеў завітаць на яе тэрыторыю. Накіроўваеш сьвятло ліхтарыка на сасновую галіну, што павісла над самай галавой, а адтуль зьлятае яна – начная гаспадыня лясоў. Зьлятае ціха-ціха. Дзякуючы звышмяккаму пер’ю палёт савы не пачуць нават самым вострым слыхам.
Глыбокая ноч. Прыварожвае начны лес сваемі таемнымі гукамі, вяртаемся назад. Ужо не ўключаем савіныя песьні, але касматаногія сычы сваем манатонным маналёгам працягваюць свае сьпевы, а недзе сярод дрэваў зазіхацеў маленькі агеньчык Залесься. Залесьсе – невялічкая вёсачка з дзясяткам двароў, што раскіданы наўпрост пасярод Белавежскай пушчы. За ганкам адразу ж чырванеюць сосны, за якімі кіпіць таемнае пушчанскае жыцьцё, асабліва па начох, калі дзікі ды алені прыходзяць да вяскоўцаў у госьці пасмакаваць яблыкамі.
Вёска так бы і памірала. Тут жывуць толькі дзьве бабулі. Але ж якія цудоўныя і таленавітыя, вясёлыя і моцныя на язык! Жывуць сабе – садзяць агарод, зьбіраюць грыбы, ягады, па вечарах сьпяваюць песьні і чакаюць у госьці добрых суседзяў. А яны даволі часта пачалі завітваць у гэтае ціхае пушчанскае месца. Аматары птушак і турызму выкупілі палову вёскі, каб разьвіваць экатурызм ды вывучаць тамтэйшую прыроду багатага краю. Сьціплыя хаткі падрамантавалі і ўдыхнулі жыцьцё той рамантычнай мінуўшчыны, калі не было тэлевізараў ды аўтамабіляў. Прыгатаваная ў печцы ежа, сьвятло ад сьвечкі, доўгі драўляны стол ды ціхае церабеньне гітары даюць думкам адпачыць напоўніцу ад гарадзкой мітусьні і прапахнуць водарам лесу ды вогнішча. Нікуды ня хочацца з’яжджаць пасьля праведзенных тут выходных, і неўзабаве ўзрастае вялікае жаданьне вярнуцца ізноў.
Раніцай завітаў даўгачаканы госьць. Нехта з сяброў выйшаў да прыбіральні, як раптоўна спыніўся, быццам закапаны і зьдзіўленна пачаў углядацца на замшэлы драўляны плот. На старым слупу разселася барадатая сава і не зважаючы на чалавека шчыльна прыслухоўвалася да навакольля. Кугакаўка выйшла на паляваньне наўпрост у вёсцы! Гэта з’ява ўразіла кожнага, хто прысутнічаў у доме, а совы зрабіліся сымбалем Залесься. Таемныя начныя птушкі, бязгучны палёт ды розныя казкі-паданьні пачалі набіраць папулярнасьць. У доміках з’явіліся малюнкі, статуэткі, паштоўкі, сувэніры, налепкі ды шмат розных дробязяў з выявамі соў. А самі совы быццам бы адчулі такое шыкоўнае да іх стаўленьне і перабраліся бліжэй да вёскі. Наўпрост у шпакоўні побач з хатай падабаецца зімаваць вераб’інаму сычыку – самай маленькай саве і тыповаму лясному жыхару. Адразу за плотам, на невялічкім закінутым полі часта можна сустрэць на паляваньні вушатую саву і барадатую кугакаўку. З бліжэйшага бора па начах даносяцца рыплівыя крыкі шэрых кугакавак.
Пранікнуць савіным настроем і адпачыць ад гарадзкіх спраў сюды цягнуцца многія аматары прыроды з усіх куткоў Беларусі, а гаспадары часта ладзяць, так званыя, савінныя летнікі “Начныя жыхары лясоў”, пад час якіх майструюць розныя домікі для соў, вывешваюць іх, ходзяць па лясах ды назіраюць за жыцьцём прыроды. Нехта знойдзе агромныя ласіныя рагі, нехта прамокне па грудзьдзі ў бліжэйшым балоце, нехта зробіць незабыўнае фота. Прыемнае месца, прыемныя людзі, што вельмі радуе мясцовых бабуль, якія з радасьцю далучаюцца да вечаровых пасядзелак ля вогнішча, разам сьпяваюць народныя сьпевы.
А савіныя сябры ўсё будуюць і будуюць новыя дамы для начных птушак. А совы іх з радасьцю займаюць. Самі яны не будуюць сабе гняздоўяў, таму часта залежаць ад абставінаў. Барадатая кугакаўка займае старыя гнёзды дзённых драпежных птушак, такіх як канюхі-мышаловы, шуляхі, асаеды, вушатая сава займае больш дробныя гнёзды ўранавых птушак, а сычы ды шэрыя кугакаўкі шукаюць сабе адмысловыя дуплы, якіх з пілаваньнем лесу ўсё менее.
Вельмі прыемна ўбачыць вясной, пасьля чарговай праверкі вывешаных гняздоўяў, жыцьцё ў іх – яйкі, ці ўжо маленькіх птушанят. У такія хьвіліны проста разумееш, што твая дабрыня запатрабаваная, імкнешся пашырыць яе. Таму, вяртаючыся з чарговага савінага летніка ў пушчы многія ўдзельнікі будуюць такія гняздоўі ўжо недзе ў сваёй майстэрні, каб потым пры выпадку разьвесіць іх у бліжэйшым шматочку леса. А ўжо самі совы хутка знойдуць новыя камфортныя хаткі, будуць ціха-ціха лятаць і напаўняць прыцемкі таемнымі крыклівымі галасамі.

Profile

проза, паэзія, Yury Bakur, творчасьць
yury_bakur
yury_bakur

Latest Month

June 2017
S M T W T F S
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930 

Syndicate

RSS Atom
Powered by LiveJournal.com
Designed by yoksel